Беларускія спецыялісты паўдзельнічаюць у будаўніцтве высакахуткаснай міжнароднай трасы "Мерыдыян"

29 октября 2016

Беларускія спецыялісты змогуць паўдзельнічаць у будаўніцтве ў Расіі высакахуткаснай міжнароднай трасы "Мерыдыян", якая злучыць Еўропу і Азію.

Пра гэта журналістам паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін па выніках сустрэчы ў Маскве з расійскім віцэ-прэм'ерам Дзмітрыем Казаком. Магістраль пройдзе ад Казахстана да Бранска. Агульная працягласць - каля 2 тысяч кіламетраў. Адпаведная дамоўленасць ужо дасягнута паміж холдынгам "Белаўтадар" і расійскім заказчыкам.

Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: 

"Адводзяцца зямельныя ўчасткі. Мы сёння агучылі, што мы падтрымаем на ўзроўні ўрадаў дадзены праект і створым магчымасці, каб беларусы там працавалі. На працягу трох гадоў гэты праект будзе рэалізоўвацца. Адна з тэм у дарожным будаўніцтве - гэта будаўніцтва бетонных дарог. Мы прапанавалі свой беларускі прыклад. Яны прыязджалі з ацэнкай і вельмі высока ацанілі будаўніцтва нашых дарог у бетонным выкананні. Гэта адзін з ключавых момантаў, дзе будуць запатрабаваны беларусы, таму што ў нас ёсць набор спецыяльнай тэхнікі і вопыт працы".

Сёння беларускія кампаніі ўзводзяць у Расіі каля 40 жылых аб'ектаў, 10 з іх ужо здадзены ў эксплуатацыю. Гэта цэлыя кварталы з неабходнай інфраструктурай. Таксама нашы спецыялісты будуюць аб'язны ўчастак вакол Калугі і каля дзясятка пуцеправодаў у Калужскай і Смаленскай абласцях.