Беларускія ратавальнікі ўжо пачалі працаваць у затопленых рэгіёнах Сербіі

19 мая 2014

Спрацавалі хутка і эфектыўна… Беларускія ратавальнікі ўжо пачалі працаваць у затопленых рэгіёнах Сербіі. Нагадаем, Балканы перажываюць найбуйнейшую за апошнія 120 гадоў паводку. Лік загінуўшых і пацярпелых ідзе на сотні. На дапамогу ў ліквідацыі стыхіі ў Сербію па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны прыбылі чатыры групы ратавальнікаў. Напярэдадні позна ноччу туды ж была дастаўлена гуманітарная дапамога. На борце самалёта была і наша здымачная група. Расказвае Уладзімір Каралёў.


Пра тое, што зараз адбываецца на Балканах, відаць нават з самалёта. Страшныя ліўні, якія пачаліся 14 мая, сталі сапраўдным шокам для жыхароў адразу некалькіх краін. За тыдзень пад ваду пагрузіліся цэлыя гарады і раёны. Разбуральная паводка ўжо забрала жыцці больш як 40 чалавек. Шматлікія лічацца прапаўшымі без весткі. Самая цяжкая сітуацыя ў Сербіі. Толькі ў двух гарадах Абрэнавац і Свілайнац, дзе вада даходзіць да дахаў будынкаў, ідзе эвакуацыя дзвюх тысяч чалавек.


Драгамір Карыч, ганаровы консул Беларусі ў Сербіі, старшыня парламенцкай групы Сербіі ў Беларусі: Яшчэ вялікая вада. Яна перавысіла 5 метраў. Чакаецца яшчэ другая хваля. Прыкладна паслязаўтра. Эвакуяваных сёння 28 тысяч чалавек.


Тысячам людзей патрэбна дапамога. З чацвярга тут дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі. Задзейнічаныя вайскоўцы і ратавальнікі розных краін. Уласны прыклад прадэманстраваў і Эмір Кустурыца. Рэжысёр прадаставіў свае верталёты для эвакуацыі пацярпелых. Брацкае плячо для паўднёвых славян падставіла і Беларусь. Ужо суткі тут працуюць 4 брыгады на верталётах МНС. Напярэдадні ў Бялград з Мінска накіравалі самалёт з гуманітарнай дапамогай на борце.


Аляксандр Ганчароў, намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі: Кіраўніком дзяржавы было неадкладна прынята рашэнне. Даручана ўраду краіны, і МНС сумесна з пасольствам Сербіі мы арганізавалі гэтую працу. З сербскім бокам мы вырашылі пытанні,што трэба.


Генератары, коўдры, тушонка, палаткі. Ну, увогуле, усё, што зараз трэба для жыхароў Сербіі. Транспартны Іл-76 за дзве гадзіны перавёз такі цэнны груз з Мінска ў Бялград.


У дзень дастаўкі беларускай гуманітарнай дапамогі ў Сербіі ўпершыню за апошнія два тыдні не было дажджу. Абедзве дэлегацыі палічылі гэта добрым знакам для далейшага супрацоўніцтва.


Драгамір Карыч, ганаровы консул Беларусі ў Сербіі, старшыня парламенцкай групы Сербіі ў Беларусі: Гэта вялікая дапамога, якую мы ніколі не забудзем. Дзякуй беларускаму народу.


Наймацнейшая за апошнія 120 гадоў паводка на Балканах прынесла шматмільярдны ўрон. Акрамя Сербіі, ад вялікай вады пакутуюць Боснія і Герцагавіна, а таксама Харватыя. Сёння паводка прыйшла і ў Польшчу. У Любельскім ваяводстве, якое мяжуе з Брэсцкай вобласцю, ужо пачалася эвакуацыя людзей. Зрэшты, беларусам баяцца няма чаго. Водныя артэрыі заходняй суседкі амаль не звязаны з нашай краінай.