Беларускія ратавальнікі адзначылі Дзень пажарнай службы

27 июля 2013
Цэнтр Мінска сёння ператварыўся ў вялікі выратавальны плацдарм. На галоўным праспекце сталіцы прайшоў парад прафесійнай тэхнікі, а ў парку Горкага кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі ратавальніка. Менавіта так па традыцыі МНС адзначае сваё прафесійнае свята. Роўна 160 гадоў таму Мінскае губернскае праўленне і гарадская дума зацвердзілі схему выдаткаў на ўтрыманне пажарнай часці ў складзе 51 чалавека. У гэты час былі арганізаваныя выратавальныя падраздзяленні і ў іншых беларускіх гарадах.

Як байцы МНС і госці іх урачыстасці адзначалі юбілей выратавальнай службы, распавядзе Юрый Шаўчук.

Для іх гэты дзень не проста прафесійнае свята, а юбілей. Роўна 160 гадоў таму ў Беларусі з'явіліся першыя пажарныя разлікі. Каб прыняць удзел у свяце, у Мінск з'ехаліся ратавальнікі з усёй краіны. Ды і не толькі. Госці з 15 краін прыехалі павіншаваць сваіх баявых таварышаў з іх святам.

Толькі раз на год гэтыя машыны выязджаюць не па баявой трывозе. На праспекце Незалежнасці сёння прайшоў парад выратавальнай тэхнікі. У пачатку калоны эксклюзіўныя і рарытэтныя аўтамабілі. Нягледзячы на іх узрост, практычна ўсе гэтыя машыны і сёння выязджаюць на пажары. Ёсць у арсенале ратавальнікаў і сучасная тэхніка. Усе гэтыя машыны, пад'ёмнікі, краны дазваляюць байцам МНС вырашаць нават самыя складаныя задачы.

Пасля святочнага парада ўрачыстыя мерапрыемствы перамясціліся ў парк імя Горкага. Паказальныя выступленні, святочны канцэрт і маса станоўчых уражанняў чакала ўсіх тых, хто прыйшоў на Дзень ратавальніка.

Тут кожны ахвотнік мог адчуць сябе ратавальнікам. Напрыклад, паспрабаваць забрацца на навучальны скаладром або пасядзець за рулём пажарнай машыны. Самі ратавальнікі назіралі за ўсім, што адбываецца. Нягледзячы на тое, што сёння ў іх свята, усе яны на баявым пасту.

Андрэй Старадубец, супрацоўнік МНС: Сённяшняе свята, у прыватнасці, самае лепшае свята нават пасля дня нараджэння. Служба ў МНС - служба для сапраўдных мужчын.

Падобныя майстар-класы нікога не пакінулі абыякавымі. З кожнай гадзінай людзей у парку Горкага станавілася ўсё больш і больш. Прафесійнае свята пажарнай службы ператварылася ў сапраўдныя народныя гулянні.

Уладзімір Вашчанка, Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь: Мы робім свята для мінчан, гасцей Мінска, паказваем магчымасці, праводзім віктарыны. Я думаю, гэта паслужыць далейшым развіццём выхавання і ўкаранення культуры бяспекі насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Самі ратавальнікі гавораць, што іх служба выйшла з народа. Першапачаткова пажарнымі дружыннікамі станавіліся добраахвотнікі. А значыць, гэтае свята не толькі ратавальнікаў, але і ўсіх, хто яго адзначае.