Беларускія ратавальнікі даставілі гуманітарную дапамогу ў Паўднёва-Усходнюю Афрыку

21 апреля 2019

На гэтым тыдні беларускія ратавальнікі даставілі гуманітарную дапамогу ў Паўднёва-Усходнюю Афрыку. У канцы сакавіка гэты рэгіён накрыў трапічны цыклон "Ідай". Ахвярамі стыхіі ў Малаві, Зімбабвэ і Мазамбіку сталі больш як тысяча чалавек, шматлікія прапалі без вестак. Сусветны банк заяўляе, што на аднаўленне эканомікі гэтых дзяржаў запатрабуецца больш як 2 мільярды долараў.  Так, "Ідай" стаў адной з самых разбуральных стыхій у Паўднёвым паўшар'і. Сярод тых, хто працягнуў руку дапамогі - і Беларусь. 

Уладзімір Каралёў разам з ратавальнікамі на сабе прачуў цяжкасці дастаўкі гуманітарнага грузу. Затрымка вылету - больш чым на 12 гадзін. Судан закрывае паветраную прастору з-за перавароту ў краіне. У Мінску вядуцца перамовы аб новай пасадцы для дазапраўкі. Познім вечарам транспартны "Боінг-747" вылятае ў найбуйнейшы аэрапорт Уганды Энтэбе, каб даставіць у пацярпелыя раёны Зімбабвэ і Мазамбіка гуманітарную дапамогу. 

Пасля ранішняй дазапраўкі зноў у неба. Чым бліжэй да поўдня, тым больш над мацерыком згушчаюцца хмары. У рэгіёне пачынаецца халодная сухая зіма. Да гэтага сезон дажджоў на паўгода ахоплівае Паўднёвую Афрыку, выклікаючы моцныя паводкі, якія прыводзяць да ахвяраў і разбурэнняў. Але 2019-ы апынуўся ўжо занадта смяротным.  Трапічны цыклон "Ідай" - прычына наймацнейшай за апошнія дзесяцігоддзі паводкі на паўднёвым усходзе Афрыкі. Наймацнейшыя разбурэнні - у Мазамбіку, Зімбабвэ і Малаві. З-за недахопу вады ў рэгіёне  эпідэмія халеры. Наступствы стыхіі закранулі каля 3 млн. чалавек. Урады пацярпелых краін звярнуліся па выратаванне да сусветнай супольнасці. Афіцыйныя ноты аб дапамозе паступілі і на адрас беларускага боку. 92 тоны гуманітарнага грузу былі сфарміраваныя ў кароткія тэрміны. Першай дапамога прыбывае ў Зімбабвэ.  А вось тое, што звычайна не паказваюць журналістам, - гэта разгрузка гуманітарнай дапамогі знутры. Нягледзячы на тое, што гэтыя шматтонныя палеты даволі цяжкія, разгрузка адбываецца вельмі проста. Спецыяльным механізмам.

Пакуль у аэрапорце Харарэ ідуць перамовы беларускіх ратавальнікаў з прадстаўнікамі МЗС і мясцовымі ўладамі, тут ва ўсю ідзе разгрузка. 46 тон тавараў пакінуць самалёт менш, чым за гадзіну.  Колькасць ахвяраў у Зімбабвэ перавысіла 300 чалавек, аб'яўлена становішча нацыянальнай катастрофы. 39-ы год незалежнасці краіна сустракае з сур'ёзнымі разбурэннямі. Тысячы людзей засталіся без прытулку над галавой. 

Наступны пункт - Мазамбік. Пасля 80 хвілін палёту партовы горад Мапуту сустракае транспартны "Боінг" 30-градуснай спякотай.  Мапуту - сталіца і найбуйнейшы горад краіны. Менавіта сюды была дастаўленая гуманітарная дапамога для Мазамбіка. Пасля 46 тон гэткіх неабходных тавараў размяркуюць. Мазамбік больш за ўсіх пацярпеў ад дзеянняў трапічнага цыклона "Ідай".  Поўдзень памірае ад засухі, а поўнач тоне ад паводкі. У цэнтральнай частцы краіны пад вадой тэрыторыя, якая ў паўтара раза перавышае Беларусь. Партовы горад - Бейра - разбураны на 90%. У 28-мільённым Мазамбіку трапічны цыклон закрануў кожнага 50-га жыхара краіны, а больш як 600 чалавек сталі яго ахвярамі. 

Апроч дапамогі, беларускія ратавальнікі прапаноўваюць укараніць тэхналогію сістэмы апавяўчэння насельніцтва. Яна паспяхова дзейнічае ў нашай краіне і спатрэбіцца Афрыканскаму кантыненту ў барацьбе з непагаддзю.  Аляксандр Сідарук акрэдытаваны ў 5 краінах паўднёвай Афрыкі - гэтая тэрыторыя перавышае Еўрапейскі саюз. Паводле слоў спадара пасла, насельніцтва ў 150 млн. чалавек мае патрэбу ў тэхналогіях і распрацоўках. Гуманітарная дапамога не толькі спрыяе сяброўству паміж краінамі, але і прасоўвае бізнес і тавараабарот. 

Акрамя гуманітарнай дапамогі і прапаноў аб супрацоўніцтве, прадстаўнікі Зімбабвэ і Мапуту атрымалі запрашэнні наведаць нашу краіну для ўмацавання гандлёва-эканамічных і сяброўскіх адносін.