Беларускія школьніцы прывезлі два залатыя медалі з Міжнароднай экалагічнай алімпіяды

13 мая 2019

З Кеніі з перамогай! З гарачага горада Найробі, дзе прайшла Міжнародная экалагічная алімпіяда Golden Climate, беларускія школьніцы прывезлі адразу два залатыя медалі. Больш, як з дзвюх соцень распрацовак журы адзначыла праекты нашых юных навукоўцаў. Гэта працы ў сферы сельскай гаспадаркі і ў галіне экалогіі.

Святлана Чарнова - больш падрабязна. "Яна вучыцца добра там, дзе яе насамрэч захапляе прадмет. І ў асноўным гэта натуральныя навукі, асабліва біялогія”, - працягвае мама Паліны Баравіковай - пераможцы Міжнароднай экалагічнай алімпіяды Golden Climate, якая прайшла ў сталіцы Кеніі - Найробі. У галіне сельскай гаспадаркі адзінаццацікласніца прапанавала праект па вывучэнні штамаў бактэрый, якія паляпшаюць якасць глебы.

Паліна Баравікова, навучэнка гімназіі № 39 г.Мінска, пераможца Алімпіяды Golden Climate: "Калі мы адабралі тры найлепшыя штамы, мы правяралі іх актыўнасць непасрэдна ў глебе. Мы выкарысталі глебу з дабаўленнем солі, каб паглядзець, як яны ва ўмовах засалення здольныя стымуляваць рост раслін".

Другое золата з гарачай краіны прывезла напарніца Паліны - Марыя Лаўрыва. Абедзве дзяўчыны, дарэчы, займаюцца даследаваннямі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Дзесяцікласніца працавала над праектам у сферы экалогіі і прысвяціла яго вывучэнню малочнакіслых бактэрый.

Гэта, безумоўна, адзначыла і журы міжнароднага конкурсу - беларусы сталі лепшымі сярод больш як паўтысячы юных навукоўцаў з 18 краін, апярэдзіўшы каля дзвюх соцень геніяльных праектаў па рашэнні глабальных экалагічных праблем. І распрацоўкі нашых школьніц, першым чынам, маюць перспектыву далейшага прымянення ў жыцці. Праект у галіне сельскай гаспадаркі можна адважна разглядаць як аснову для стварэння біяпрэпарата, задача якога абараняць расліны ад празмернага засалення глеб і засухі. А з унікальных малочнакіслых бактэрый - распрацоўка ў сферы экалогіі - атрымаць карысны напой для нармалізацыі мікрафлоры кішачніка і поласці рота.

Любоў да натуральных навук і стараннасць - галоўныя складальнікі перамогі - школьніцы надавалі ўвагу сваім праектам мінімум тры гадзіны за дзень некалькі разоў на тыдзень, зразумела, пасля асноўнай вучобы.

Вікторыя Сабалеўская, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: "У нашым цэнтры яны прыходзяць ужо маючы пэўныя ідэі і ўяўленне, чым яны хочуць займацца. За апошні час удзелу ў розных міжнародных экалагічных мерапрыемствах было прывезена больш як 60 медалёў з іх больш як 22 менавіта залатыя".

І яшчэ адзін, не сумняваюцца выкладчыкі, з'явіцца ў скарбонцы зусім хутка. У чэрвені маладыя эколагі прадставяць у ЗША на міжнародным конкурсе вынаходстваў Genius Olympiad унікальную распрацоўку – экаскуру, атрыманую з міцэліяў грыбоў, ці прасцей - грыбніцы.