Беларускія санаторыі могуць уступіць у канкурэнцыю з 5-зоркавымі гатэлямі

10 апреля 2015

Фіш-спа, гідрабайк і флоат-пакоі. Беларускія санаторыі могуць уступіць у канкурэнцыю з 5-зоркавымі гатэлямі. Толькі ў 2014-м у нашых здраўніцах адпачылі больш за мільён чалавек. У гэтым жа годзе спецыялісты чакаюць рэальны прырост. Так, напрыклад, 60 % пуцёвак на лета ўжо выкуплена. Пры гэтым усё больш, акрамя паслуг класічных - лячэбных, нашы санаторыі прапаноўваюць касметалагічны складальнік.

Аб СПА з прыстаўкай "мед" рэпартаж Паліны Іванча. На пытанне журналістаў - у які раз гасцюе ў санаторыі "Юнацтва", Нона Сярэнка сапраўды адказаць не змагла. Яшчэ пасля трыццатай пуцёўкі збілася з ліку. А вось у новым спа-цэнтры жанчына сёння ўпершыню, адразу ж пасля афіцыйнага адкрыцця запісалася на фіш-пілінг.

Сёння ў краіне няма ніводнага санаторыя, які прапаноўваў бы менш як 200 відаў паслуг. Тым не менш, аналагаў гэтаму флоат-пакою ў краіне пакуль няма. У Мёртвае мора ператвараецца міні-басейн з растворам англійскай солі. Яго шчыльнасць настолькі высокая, што здольная ўтрымліваць чалавека на паверхні.

А яшчэ гідрабайк, кедравая і крыясауны, індыйская лазня, касметычны кабінет, хамам і стоўн-тэрапія. Усяго больш як 80 прапаноў - і гэта толькі тыя, што адносяць да спісу прынцыпова новага кірунку санаторна-курортнага адпачынку - так званага медыкал-спа.

Дзмітрый Рыбко, дырэктар санаторыя "Юнацтва": "Мы зрабілі новую паслугу - гэта пуцёўка выхаднога дня. Гэта спецыяльна для жыхароў Мінска, якія знаходзяцца побач. Мы распрацавалі праграму, калі ў пятніцу позні заезд і ў нядзелю позні выезд. Харчаванне, пражыванне, кожны дзень басейн, трэнажорная зала, таксама ўваходзяць спа-працэдуры - два масажы, дзве капсулы".

Кошт праграмы вагаецца ад мільёна ста да двух у залежнасці, зразумела, ад катэгорыі нумара.

Пры гэтым кошт тут і за мяжой на тыя жа паслугі прыкладна аднолькавы. Тым не менш, нароўні з беларусамі пуцёўкі ў нашы санаторыі кожны год купляюць турысты з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Казахстана і Азербайджана.

У 2014-м у беларускіх здраўніцах адпачылі больш за мільён чалавек, пры гэтым 200 тысяч з іх прыехалі з-за мяжы. Сёлета спецыялісты чакаюць рэальны прырост, бо ў міжсезонне санаторыі запоўненыя на 80%, а 60% пуцёвак на лета ўжо выкуплена.