Беларускія вытворцы гатовыя павялічыць выпуск папяровых пакетаў

30 сентября 2019

З акцэнтам на захаванне здароўя і прыроды. Гандаль і грамадскае харчаванне далучаюцца да агульнасусветнага курсу на экалогію, гэта  патрабаванне і Кіраўніка дзяржавы,  і актыўна закупляюць папяровыя пакеты і посуд. На адаптацыю да працы ў новых рэаліях 2 месяцы. Зараз галоўнае - скласці дамовы з вытворцамі і імпарцёрамі на патрэбную экаўпакоўку. Апошнія запэўніваюць, што змогуць без праблем пакрыць унутраны высокі попыт. Падрабязнасці ў Святланы Лук’янюк

Калі асартыментны пералік для гандлю папоўніўся папяровымі пакетамі і такім жа аднаразовым посудам, а гэта значыць, што ён абавязкова павінен быць і ў супермаркетах, і ў магазінах ля дома, кіёсках, павільёнах і кафэ на запраўках, то адразу ўзнікла пытанне, а дзе гэту самую экаўпакоўку браць. Ці хапае прадукцыі ад уласных вытворцаў,  ці вялікі выбар сярод імпарцёраў?

Каб зняць шматлікія пытанні, у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю сабралі круглы стол. Запрасілі гандаль з усёй Беларусі і пастаўшчыкоў. 

Гэтае прадпрыемства робіць беларускія папяровыя кубкі. Паралельна прывозіць посуд з цукровага трыснягу. Ёсць нават вось такія накрыўкі пад каву. У разоў 5 даражэйшы за пластык, але пакупнік знаходзіцца. Для аматараў пікнікоў прапануюць і эканаборы, таксама трыснёг, а відэльцы, лыжкі з дрэва. 

Вытворцы запэўніваюць, што змогуць закрыць увесь унутраны попыт, нават калі ён пасля прававых навацый вырасце ў шмат разоў. Гэтае прадпрыемства пад Мінскам сёння загружана толькі на траціну. Адкрытым застаецца толькі пытанне цаны, у разы тры-чатыры папяровы пакет даражэйшы за цэлафан. 

Вытворца гатовы гандлю прапанаваць і папяровыя пакеты ў рулонах, якія ў магазінах каля паліц агародніны і садавіны, і экаальтэрнатыву поліэтыленавым майкам ля кас. 

Пераход на экаўпакоўку падтрымліваецца ў Беларусі на самым высокім узроўні. Прэзідэнт не аднойчы ўзнімаў гэту тэму. Падчас наведвання студэнцкай вёскі перад II Еўрапейскімі гульнямі размова ішла як раз пра неабходнасць паступовай замены аднаразовага пластыкавага посуду на папяровы з акцэнтам на захаванне і здароўя, і прыроды.

У Беларусі экапакеты і экапосуд вырабляюць 30 прадпрыемстваў. На сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пералік гэтых самых кампаній беларускіх і імпарцёраў, а таксама на сайтах абласных выканкамаў і Мінгарвыканкама.

А пасля за адсутнасць на паліцы патрэбнай колькасці папяровых пакетаў і посуду магазін або кафэ могуць аштрафаваць да 10 базавых, гэта 255 рублёў, за паўторнае  парушэнне можна заплаціць і ўтрая больш.