Катары, недарожнікі і камплект цеплавізараў дапамогуць несці службу на беларуска-ўкраінскім кірунку. Новае абсталяванне і тэхніка паступілі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза.
Віталь Краснабаеў - з падрабязнасцямі.
Хуткасць восемдзясят кіламетраў за гадзіну. І запас ходу на паўтысячы кіламетраў. На такіх італьянскіх катарах ахоўваюць мяжу Еўрасаюза. Цяпер яны заступяць на пагранічную вахту ў Беларусі.
Аляксандр Баечка, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь: Гэта зусім іншае пакаленне катараў, якое досыць эфектыўна выкарыстоўваецца іншымі пагранічнымі ведамствамі. У прыватнасці, нашымі латвійскімі калегамі. Тэхніка добра зарэкамендавала сябе пры патруляванні ў раёне Грэцыі. Яна надзейная, з добрай плывучасцю, бяспека экіпажа забяспечваецца.
Катары, недарожныя аўтамабілі і цеплавізары. Сучасную тэхніку беларускія пагранічнікі атрымалі ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза.
Беларуска-ўкраінскі напрамак еўрапейцаў цікавіць нездарма. Тысячы кіламетраў гэтай мяжы праходзяць па цяжкадаступных месцах. І менавіта яны апошнім часам сталі папулярнымі сярод незаконных мігрантаў. Няпрошаныя госці тут ладзяць сабе шлях у Еўрасаюз. Побач спрабуюць абысці закон і кантрабандысты, наркадылеры і гандляры людзьмі.
Самі пагранічнікі кажуць, што новая тэхніка для іх - гэта не раскоша, а неабходнасць. Чым большы арсенал спецсродкаў, тым менш шанцаў у кантрабандыстаў. А значыць, знізіцца пагранічная злачыннасць.
Гэтыя новыя джыпы прыйдуць на змену старым аўто. Машыны спецыяльна ствараліся для ваенных патрэбаў. Таму тут усёпрадумалі.
А вось гэтая кампактная прылада дазваляе выявіць парушальнікаў мяжы ноччу ці ва ўмовах дрэннай бачнасці. Цеплавізары пакажуць аўтамабіль ці чалавека на адлегласці да двух кіламетраў. Калі абсталяваць такой прыладай машыну, міма мабільнага патруля не праскочыць нават мыш.
Усяго бюджэт міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза для беларуска-ўкраінскага напрамку разлічаны на 1 300 000 еўра. Акрамя гэтай партыі тэхнікі, чакаецца яшчэ адна - да канца года.














