Беларускія парламентарыі правялі першае пасяджэнне вясновай сесіі

2 апреля 2019

У беларускіх парламентарыяў сёння пачаўся новы заканатворчы сезон. Вясновая сесія - шостая, і прадоўжыцца яна да канца чэрвеня. Яе парадак фарміраваўся ў цеснай увязцы з ключавымі пытаннямі жыцця краіны, а галоўнай падзеяй гэтай сесіі стане Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту, якое адбудзецца 19 красавіка. Акрамя таго, за вясну дэпутатам неабходна вызначыцца і з парадкам чарговай сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Чакаецца, што пасяджэнне пройдзе ў Мінску 17 чэрвеня. Працы ў дэпутатаў у наступным месяцы будзе нямала. А вось якія пытанні на парадку дня сённяшняга - даведалася Вераніка Бута

Парламентарыі першае пасяджэнне сесіі правялі ў абноўленай пасля рамонту Авальнай зале. На парадку дня - 11 пытанняў. У цэлым жа, гэтай вясной асаблівая ўвага - сацыяльнаму блоку. Дэпутатам трэба будзе разгледзець законапраекты ў сферах ЖКГ, будаўніцтва, аховы здароўя. Усяго ў распрацоўцы каля 40 дакументаў.

Апошні раз касметычны рамонт тут быў больш як 20 гадоў таму. Замянілі сталы, крэслы, зараз тут новая сістэма галасавання і паўнавартасны інфармацыйны тэрмінал. Зараз у кожнага дэпутата свой міні-камп'ютар, у ім уся інфармацыя аб законапраектах. Народныя выбраннікі гавораць: стала больш зручна. Але на адкрыцці сесіі прыйшлося галасаваць па даўніне - паднятымі рукамі. Электроніка не вытрымала дэпутацкай актыўнасці пасля канікулаў і дала збой. Непаладкі абяцаюць неўзабаве ўхіліць.

Ужо па даўніне прымаўся і першы дакумент на сёння - законапраект аб ахове працы. Прапісалі парадак працы маніторынгавых груп - акцэнт на прафілактыку. Абавязковыя інструктаж, праверка ведаў, страхаванне працаўнікоў-надомнікаў. Яшчэ адна навацыя датычыцца медаглядаў. Фінансавыя выдаткі - на наймальніках. Гэтая мера закране прадпрыемствы і арганізаці ўсіх форм уласнасці. 

У новай рэдакцыі будзе выкладзены і Жыллёвы кодэкс Беларусі. Законапраект у другім чытанні сёння падтрымалі дэпутаты. Дакумент дазваляе пераход арэнднага жылля ў сацыяльнае (для пэўных груп). Калі наймальнік добрасумленны, ён мае права пражываць у арэндным жыллі столькі часу, колькі яму трэба. Карэкціроўкі і па аплаце жыллёва-камунальных паслуг. 

Аліменты ад непрацуючых бацькоў і дэдлайн для іх выплат. Дэпутаты актыўна працуюць над змяненнямі ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і - з дакументам пазнаёмілі таксама ў першым чытанні. Так, у законе плануюць прапісаць дакладныя тэрміны выплат: за бягучы месяц можна будзе разлічыцца на працягу наступнага. Ёсць магчымасць выплаты наперад. Акрамя гэтага, жадаюць адмовіцца ад прывязкі аліментаў да зарплаты - навіна для тых, хто без працы. Спрэчныя пытанні ў выхаванні дзяцей без звароту ў суд дапаможа вырашыць пагадненне аб дзецях - гэта яшчэ адна навацыя. 

Замежным спецыялістам стане больш лёгка атрымліваць дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі. Раней для гэтага неабходна было чакаць сем гадоў. Навацыі, якія прапанавалі сёння, мяркуюць гэты тэрмін паменшыць да чатырох. Заканатворцы дакумент падтрымалі. Зрэшты, як і пагадзіліся з прапановай увесці крымінальную адказнасць за схіленне да допінгу. Тэрмінам да 3 гадоў. Гэтыя нормы прапісаныя ў змяненнях у кодэкс. Дакумент дэпутаты лічаць важным, асабліва напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, калі на імідж краіны працуюць і такія заканадаўчыя ініцыятывы. Бо допінг-скандалы падрываюць рэпутацыю спартсменаў і дзяржавы ў цэлым.

Пад заслону сесіі дэпутаты абмеркавалі абмежаванні доступу ў анлайн-казіно, папраўкі ў Закон "Аб абыходжанні з адходамі". 

Не менш насычанай будзе вясновая сесія і ў сенатараў. Сёння яны таксама вярнуліся да працы пасля канікул. Асаблівая ўвага - падрыхтоўцы да Паслання Прэзідэнта народу і парламенту. Яно запланавана на 19 красавіка. Сярод ключавых тэм называюць стымуляванне дзелавой актыўнасці, развіццё інавацыйнай эканомікі, павышэнне якасці жыцця. І чакаюць, што ў Авальнай зале назавуць дату парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. 

Але перш парламентарыі збяруцца яшчэ раз. Чарговае пасяджэнне ў гэтай зале пройдзе ўжо 11 красавіка.