Беларускія нафтахімікі правялі перамовы з расійскай Транснафтай. Сітуацыя застаецца напружанай

24 апреля 2019

Мы працягваем сачыць за напружанай сітуацыяй у нафтахіміі, якую справакавала пастаўка атрутнай сыравіны з Расіі па нафтаправодзе "Дружба" на беларускія НПЗ і еўрапейскім партнёрам. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку халатнасці на ўчастку Самара - Унеча ў сістэму трапілі сотні тысяч тон сырой нафты, атручаныя хлорыстымі злучэннямі.

Учора беларускія нафтахімікі правялі складаныя перамовы з расійскай Транснафтай аб мінімізацыі страт і кампенсацыі ўрону, які няякасная нафта ўжо прычыніла беларускім НПЗ, гомельскаму ўчастку нафтаправода "Дружба" і эканоміцы рэспублікі ў цэлым. Аднак, паводле нашых звестак, выніку перамовы не прынеслі. Ніякіх дакладных адказаў расійскі бок, які адказвае за крытычную сітуацыю, не даў. Акрамя таго, нягледзячы на тое, што менавіта Беларусь першай сутыкнулася з атрутнай хваляй, панесла найбольшы ўрон і ўзяла на сябе значную частку выдаткаў па выратаванні еўрапейскіх контрагентаў, у Расіі лічаць гэтыя пытанні другараднымі, спасылаючыся на абавязацельствы перад іншымі партнёрамі.

Пазіцыя беларускіх нафтахімікаў нязменная. Строга ў рамках падпісаных кантрактаў і абавязацельстваў яны патрабуюць ад Транснафты тэрмінова забяспечыць Мазырскі і Наваполацкі НПЗ якаснай нафтай. Усе тэхнічныя магчымасці для гэтага забяспечаныя. "Нафтан" гатовы прыняць чыстую сыравіну па альтэрнатыўнай нафтавай артэрыі, дастаўка на Мазырскі НПЗ можа ажыццяўляцца чыгуначным транспартам. Усе падрыхтоўчыя работы з беларускага боку ўжо праведзеныя.

На жаль, на бягучы момант відавочна, што аператыўна вырашаць сітуацыю Транснафта не збіраецца, чым павялічвае і без таго каласальны ўрон партнёраў у Беларусі, Украіне і Еўрасаюзе. Пры самым негатыўным развіцці падзей наша рэспубліка будзе вымушана прыпыніць транзіт атрутнай нафты на экспарт, каб абараніць як свае інтарэсы, так і інтарэсы партнёраў у Еўропе.

Нагадаю, што нафта з дамешкамі хлору, якія ў дзясяткі разоў перавышаюць бяспечныя канцэнтрацыі, была выяўлена беларускімі спецыялістамі яшчэ ў чацвер на мінулым тыдні. Сурагат такі таксічны, што раз'ядае ўнутраную стальную паверхню магістральных труб, пашкоджвае дарагое абсталяванне на НПЗ, а ў выпадку прарыву сістэмы пагражае экалагічнай катастрофай. Дзякуючы экстранным мерам поўнамаштабную тэхнагенную аварыю пакуль атрымліваецца прадухіліць - частка атрутных злучэнняў накіраваная ў адстойнікі, а для нейтралізацыі няякаснай сыравіны,  якая ўжо паступіла ў сістэму, прымяняюцца дарагія прысадкі. Ёсць і відавочныя страты. Беларускі экспарт нафты і нафтапрадуктаў прыпынены, заводы працуюць на палову магутнасці.

Паводле самых папярэдніх ацэнак, агульны ўрон ужо перавышае сотні мільёнаў долараў. Кожны дзень прамаруджання расійскіх партнёраў павялічвае нашы страты. Мы прадоўжым сачыць за рэзананснай тэмай. Падрабязнасці  ў нашых наступных выпусках.