Беларускія медыкі ўпершыню прааперыравалі два парокі сэрца ў нованароджанага вагай усяго два з паловай кілаграмы. Прычым адна з аперацый прайшла без разрэзаў і швоў. Каб пашырыць аорту, а гэта і быў адзін з дэфектаў, медыкі сталічнага цэнтра дзіцячай хірургіі выкарысталі толькі спецыяльную фарбу, рэнтген і балон.
Пра сучасную хірургію, якая дорыць новае жыццё, - рэпартаж Улады Карніцкай.
Сын Кіруша ў Таццяны Юрчанкі нарадзіўся з вагай усяго 1 кілаграм 370 грамаў. І толькі зараз дзіця ў свае паўтара месяца важыць, як нованароджаны. На сэрцы дзіцяці медыкі сталічнага цэнтра дзіцячай хірургіі з розніцай на дзень зрабілі адразу дзве аперацыі.
Зараз два парокі аднаго з найважнейшых органаў чалавека для Кірушы ў мінулым. А такія дэфекты без своечасовай аперацыі, як правіла, не пакідаюць шанцу на выжыванне.
Аляксандр Башкевіч, загадчык аддзялення кардыёхірургіі для дзяцей №1 РНПЦ дзіцячай хірургіі: "Звужаная аорта з аднаго боку, і з іншага боку меўся сасуд, які пасля нараджэння закрываецца, - адкрытая артэрыяльная пратока, якая ў дзіцяці не закрылася; і калі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці - гэта норма, дык пасля нараджэння, калі пратока не закрываецца, яна становіцца парокам сэрца".
Яшчэ некалькі гадоў таму, каб выправіць такія паталогіі, хірургі аперыравалі адзін раз, але вельмі шмат гадзін. Потым у лепшым выпадку пацыент ачуньваў месяцамі. Зараз аперацыі дзве, але рэабілітацыя некалькі дзён. Для адной з іх наогул не патрэбен скальпель.
Малога аперыравалі тут каля дзвюх гадзін. Па сутнасці, прарабілі ювелірную работу. Бо вага дзіцяці нязвыкла малая, а значыць, у яго маленькія сасуды, плюс да гэтага ад паталогіі маленькі крывацёк. Калі б вага дзіцяці была хоць крыху большай, зладзіліся б у два разы хутчэй.
Без швоў і разрэзаў, але ўжо пасля першай аперацыі ў дзіцяці была пашыраная аорта. Для гэтага ўсю яго крывяносную сістэму ў прамым сэнсе афарбавалі. Кожны сасуд дактары бачылі на экране.
Гэтая аперацыя на сэрцы дзіцяці з вагай усяго два з паловай кілаграмы ў сваім родзе першая. Эндаваскулярным спосабам - менавіта так завецца аперацыя без скальпеля - летась у гэтым цэнтры ўпершыню была прааперыравана рэкордная колькасць пацыентаў з прыроджаным парокам сэрца - 700 дзяцей. Праўда, іх вага была значна большая.
Другая аперацыя на сэрцы маленькага Кірыла - па ліквідаванні адкрытай артэрыяльнай пратокі - не абышлася без скальпеля. Але, гавораць спецыялісты, не выключана, што гэты хлопчык - практычна апошні пацыент, каго аперыравалі менавіта так.
Канстанцін Драздоўскі, дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыёхірург Мінздара Беларусі: "У будучым годзе мы атрымаем абсталяванне, якое закупляе дзяржава, і другі парок, які быў у гэтага малога, мы зможам зрабіць эндаваскулярна, без умяшання".
Да сябе дахаты ў Гомель, як абяцаюць урачы, сям'я паедзе ўжо ў наступны панядзелак. Малыш дынамічна ідзе на папраўку. І што немалаважна для гэтага маленькага пацыента - добра набірае вагу.













