Беларускія медыкі правялі ўнікальную аперацыю

25 июля 2016

Без скальпеля і разрэзаў. Беларускія медыкі правялі ўнікальную аперацыю па выманні асколка шкла з вока. Пацыенту Гомельскай абласной бальніцы асколак выдалілі праз нос, пры гэтым пацярпелае вока атрымалася захаваць. У аперацыі прынялі ўдзел хірургі Рэспубліканскага цэнтра отарыналарынгалогіі. У чым унікальнасць гэтага метаду, высвятляў Аляксей Немаў.

З такім дыягназам у Гомельскую абласную бальніцу даставілі пацыента са Жлобіна. Шкляны асколак у правым воку мужчыны ледзь не дайшоў да зрокавага нерва другога вока. Аперыраваць трэба было як мага хутчэй. На дапамогу гомельскім хірургам прыйшлі калегі з Рэспубліканскага цэнтра отарыналарынгалогіі.

Іван Гарнастай, загадчык аддзялення РНПЦ отарыналарынгалогіі: "Часта ў такіх сітуацыях адбываецца выдаленне вока, і іншароднае цела выдаляецца праз арбіту. У гэтым выпадку было прынята рашэнне выдаліць іншароднае цела праз поласць носа. Гэтым самым мы пакінулі вока, праз якое ўвайшло іншароднае цела, і зрабілі дэкампрэсію зрокавага нерва, г.зн. выратавалі зрок на левае вока гэтаму пацыенту".

Сама аперацыя заняла тры гадзіны. Дастаць асколак медыкі змаглі без якіх-небудзь разрэзаў на твары.

У працэсе аперацыі выкарысталі эндаскапічную тэхніку. Дзякуючы гэтаму, а таксама майстэрству хірурга, пашкоджанні былі мінімальнымі, важныя сасуды ўдалося не зачапіць.

Пацыента ўжо перавялі ў палату. Мікалай Крыжэўскі гаворыць, што пачуваецца добра, а дзень, калі ўсё здарылася, запомніць на ўсё жыццё.

Неўзабаве мужчыну чакае доўгая рэабілітацыя. Аднаўленчы працэс будуць кантраляваць урачы афтальмолагі.

Сваім вопытам медыкі гатовыя падзяліцца і з калегамі з іншых краін. Так, напрыклад, сёлета плануецца адкрыць міжнародны адукацыйны цэнтр. Тут нашы спецыялісты правядуць майстар-класы для еўрапейскіх дактароў. Ужо закуплена абсталяванне. Так званая сімультацыйная лабараторыя дазволіць напрацоўваць вопыт мікрахірургічных аперацый отарыналарынгалагічнага профілю. У краінах СНД пакуль такой лабараторыі няма.