Беларускія медыкі правялі найскладанейшую аперацыю на галаўным мозгу пры поўнай прытомнасці пацыента

8 ноября 2016

Для нашай краіны гэта ўпершыню. Звычайна такія ўмяшанні праводзяць пад глыбокім агульным наркозам. Але ў дадзеным выпадку прыйшлося пайсці на рашучы крок. Восем гадзін хірургі Мінскай абласной клінічнай бальніцы ювелірна выконвалі сваю працу. Аперацыя прайшла паспяхова. Жыхар Мінскага раёна ўжо рыхтуецца да выпіскі. Унікальныя кадры ў рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Гаворыць, рухаецца і нават спрабуе ўсміхацца і жартаваць. Гэтыя кадры найскладанейшай аперацыі знялі самі хірургі. Праз некаторы час яны стануць своеасаблівым вучэбным дапаможнікам. Ну а пакуль тут выразна відаць: усё пад кантролем, спрыяльны зыход верагодны.

33-гадовы жыхар Мінскага раёна Юрый Варакомскі яшчэ вясной адчуў - з ім нешта не так, стаў хутка стамляцца падчас трэніровак. Грашыў на сэрца, але кропку ў дыягнастычнай загадцы паставіла абследаванне на МРТ. Пухліна мозгу. На шчасце, аперабельная.

Такія віды аперацый на мозгу ўжо даўно даступныя нейрахірургам краіны. Галоўная ж складанасць у тым, канстатавалі медыкі, што пухліна размясцілася вельмі няўдала. Літаральна міліметр у бок - і наступствы маглі б быць непапраўнымі. Праводзіць аперацыю вырашылі з некаторымі нюансамі.

Звычайна сур'ёзныя хірургічныя ўмяшанні праводзяць пад глыбокім агульным наркозам, гэта значыць пацыент спіць і нічога не адчувае. Краніятамія ў прытомнасці падчас аперацыі па выдаленні пухліны галаўнога мозгу праводзіцца ўпершыню. Дарэчы, доўжылася аперацыя амаль 8 гадзін.

Рэаніматолаг Аляксей Казачонак расказвае: далёка не кожны спецыяліст зможа правесці такую анестэзію. Неабходна дакладна разлічыць колькасць прэпарату, што ўводзіцца ў арганізм, а таксама ўвесь час кантактаваць з хворым. І ўважліва сачыць за яго станам: справіцца з няштатнымі сітуацыямі, пакуль пацыент у прытомнасці, больш складана.

Па некаторых медыцынскіх паказаннях пацыентаў часам будзяць падчас аперацыі. Аднак няспанне на працягу амаль васьмі гадзін - гэта своеасаблівы рэкорд беларускіх хірургаў і пацыента. Такая аперацыя ў краіне праведзеная ўпершыню.

Зараз Юрый адчувае сябе добра і рыхтуецца да выпіскі. Наперадзе яшчэ перыяд рэабілітацыі, аднак прагнозы ўрачоў аптымістычныя: лад жыцця пацыента наўрад ці будзе прынцыпова адрознівацца ад таго, што ён вёў да аперацыі.

Штогод беларускія медыкі праводзяць некалькі тысяч нейрахірургічных умяшанняў, з іх 2-3 тысячы - гэта высокатэхнічныя і складаныя ўмяшанні. Такая дапамога аказваецца не толькі жыхарам краіны, але і замежжа. Найбольш частыя пацыенты беларускіх клінік - з Расіі, Украіны, Літвы, а таксама краін Блізкага Усходу.