Беларускія медыкі прааперыравалі востры апендыцыт у паўтарамесячнага дзіцяці

11 апреля 2017

Востры апендыцыт у паўтарамесячнага дзіцяці. З такім выпадкам нашы хірургі сутыкнуліся ўпершыню. Складанасць яшчэ і ў тым, што паставіць дакладны дыягназ у такім узросце няпроста.

Аперацыя прайшла без скальпеля. З пацыентам пазнаёмілася Улада Карніцкая.

Гэтая дзяўчына папрасіла не паказваць яе і твар дзіцяці. Пару месяцаў таму яе сям'ю абудзіў моцны плач іх дзіцяці, што толькі ні рабілі бацькі, хлопчык не супакойваўся.

Тады бацькі экстранна выклікалі брыгаду хуткай дапамогі

Машына хуткай дапамогі прывезла дзіця ў цэнтр дзіцячай хірургіі ў цяжкім стане. Агляд, УГД, дыягностыка - ужо пасля, праз дзве гадзіны, малы апынуўся ў аперацыйным блоку. А сама аперацыя доўжылася менш як 60 хвілін.

Толькі на аперацыйным стале ўрачы зразумелі, акрамя запалення ў брушной поласці у малога востры апендыцыт.

Аляксандр Свірскі (менавіта гэты хірург аперыраваў малога) прызнаецца, такі дыягназ для брыгады стаў нечаканасцю. З апендыцытам медыкі, вядома, сутыкаюцца штодня, але ва ўзросце да аднаго года за апошнія паўстагоддзя ўсяго 12 пацыентаў. Малы, якому толькі паўтара месяца ў практыцы беларускіх медыкаў першы. Больш за тое, ва ўсім свеце такіх выпадкаў адзін на мільён. Пакуль няма ў сусветнай літаратуры і апісаных выпадкаў, калі такую аперацыю рабілі лапараскапічна.

Менш чым праз два тыдні малога адпусцілі дахаты. Зараз у цэнтр хірургіі яго прывозяць толькі на абследаванне. Паводле слоў мамы, дзіця адчувае сябе добра.