Беларускія хірургі рыхтуюцца да першай у краіне аперацыі па адначасовай перасадцы лёгкага і сэрца

12 Лютага 2013
Як нашым урачам гэтак паспяхова ўдаецца рабіць найскладанейшыя аперацыі па перасадцы органаў - задаюцца пытаннем шматлікія іх замежныя калегі. Напярэдадні нашы ўрачы вярнуліся з Украіны. У Днепрапятроўску беларускія хірургі давалі майстар-клас на вачах у дзясяткаў спецыялістаў у анлайн-рэжыме правялі перасадку ныркі нетраўматычным метадам - гэта значыць, з дапамогай лапараскапіі. Дарэчы, каб правесці найскладанейшыя аперацыі часцяком украінскія пацыенты выбіраюць менавіта нашых хірургаў. 
Менавіта ў Беларусі нашы хірургі змаглі даць шанц маленькаму пацыенту са Львова. Амаль паўгода таму яму зрабілі складаную аперацыю па перасадцы печані. У Максіма была прыроджаная паталогія. Паводле слоў маці, у Беларусі адбыўся цуд - малы пайшоў на папраўку, і ўжо сёння яны паедуць дамоў ва Украіну. 
Ужо за кадрам маці Максіма прызнаецца: рабіць малому перасадку печані ў сябе на радзіме яны адмовіліся. Гаворыць, у падобных аперацыях ўкраінскія спецыялісты маюць не занадта вялікі вопыт.
Вопыт нашых урачоў сёння цікавы калегам з усяго свету. Напярэдадні, напрыклад, нашы хірургі правялі майстар-клас у Днепрапятроўску - аперацыю па перасадцы ныркі нетраўматычным метадам - шляхам лапараскапіі. За працэсам у анлайн-рэжыме сачылі лепшыя хірургі Украіны.
Урачы РНПЦ трансплантацыі не раз выязджалі за мяжу, даючы майстар-класы сваім замежным калегам. Толькі за апошні год тут выканана больш за 270 трансплантацый. Гэта лепшы паказчык на постсавецкай прасторы. А адкрылі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі па даручэнні Прэзідэнта ўсяго некалькі гадоў таму. Тады Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што сродкі на медыцыну, тым больш медыцыну такога ўзроўню, заўсёды будуць выдаткоўвацца. Амаль праз тры гады, у студзені 2013, падчас адкрыцця ў Мінску яшчэ аднаго навукова-практычнага цэнтра - неўралогіі і нейрахірургіі - Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэслівае: дзеля таго, каб у кожнага пацыента быў шанц незалежна ад дыягназу дзяржава стварае і будзе ствараць усе ўмовы.
У кожным такім цэнтры - свая навуковая школа. Зараз у нас праводзяцца найскладанейшыя аперацыі, па якія раней некаторыя ехалі за мяжу і плацілі вялізныя грошы. У 2009-м упершыню ў краіне перасадзілі сэрца. І ў гэтым жа годзе адразу трансплантавалі падстраўнікавую залозу і нырку. У 2010-м - перасадка донарскай ныркі нетраўматычным метадам. Яшчэ праз год аперацыі па перасадцы органаў пачалі праводзіць у рэгіёнах. У 2012 - адначасовая трансплантацыя сэрца і ныркі, а таксама печані і ныркі. А літаральна днямі нашы хірургі першымі ў Еўропе і другімі ў свеце правялі сублабарную аутатрансплантацыю лёгкага. Такую аперацыю зрабілі да беларусаў толькі японцы. У планах беларускіх хірургаў дзве найскладанейшыя аперацыі, якія ў нашай краіне будуць праведзеныя ўпершыню. Зараз спецыялісты праходзяць неабходную падрыхтоўку. Так што не выключана, што неўзабаве нашы ўрачы змогуць рабіць перасадку лёгкага і нават лёгкага і сэрца адначасова.