Беларускія кардыёлагі ўпершыню правялі аперацыю на сэрцы цяжарнай жанчыны

10 ноября 2016

У пацыенткі быў выяўлены рэдкі выпадак тахікардыі. Замест 80 разоў сэрца жанчыны білася больш за 200. Аперацыю правялі яшчэ тыдзень таму. Пацыентка пакуль знаходзіцца ў рэанімацыі, але ўрачы перакананыя, што зусім хутка яе перавядуць у звычайную палату. Пра сваё самаадчуванне будучая мама распавяла Юліі Грызунт.

Зусім хутка Ірыну Барцэвіч з рэанімацыі перавядуць у звычайную палату. А яшчэ праз некаторы час яна стане мамай. Хоць яшчэ нядаўна пацыентка не была ўпэўненая, ці ўбачыць калі-небудзь свайго сына. Дзеля галоўнай сустрэчы ў сваім жыцці літаральна 6 дзён таму, на 24 тыдні цяжарнасці, Ірына перанесла цяжкую аперацыю на сэрцы.

Ірына Барцэвіч пацыентка РНПЦ "Кардыялогія": "Гэта было вельмі складана прыняць рашэнне, вядома. Аперацыя вельмі цяжка для мяне прайшла, я вельмі хвалявалася за сябе і за дзіця. Але ўрачы вельмі прафесійна спрацавалі, вельмі аператыўна".

Да цяжарнасці ў Ірыны таксама здараліся прыступы тахікардыі, праўда, тады неабходнасці хірургічнага ўмяшання не было. Але калі пад сэрцам з'явіўся малыш, замест 80 разоў яно забілася 200. Тады ўрачы зрабілі ўсё, каб пазбегнуць аперацыі, бо на той момант у іх не было галоўнага інструмента - вопыту.

Аляксандр Часнойць, хірург РНПЦ "Кардыялогія": "Гэта вельмі рэдкая, асаблівая форма парушэння рытму сэрца ў выглядзе фокуснай перадсэрдзевай тахікардыі, якая ўвогуле ў звычайных людзей сустракаецца не так часта. Асаблівасць гэтай пацыенткі заключалася ў тым, што гэтая тахікардыя развілася і была вельмі ўстойлівай на працягу ўсёй цяжарнасці, з моманту яе ўзнікнення".

Каб не нашкодзіць малому, давялося максімальна знізіць шкоднае выпраменьванне апаратаў. Гэта не дазволіла выкарыстаць усё даступнае абсталяванне, якое, дарэчы, ратуе жыцці самым складаным пацыентам нашай краіны.

Аперацыі на сэрца праходзяць тут штодня. Зараз пачнецца ўжо трэцяя за сённяшні дзень. Каб аднавіць сардэчны рытм назаўжды, трэба выдаліць, больш дакладна сказаць, нават выпаліць набор хворых клетак. Над гэтым працуюць адначасова 8 супрацоўнікаў цэнтра. Аперацыя доўжыцца ад 2 да 5 гадзін.

Такая працэдура тут нічым не адрозніваецца ад аналагічнай у лепшых кардыялагічных цэнтрах свету. Сярод пацыентаў часта можна сустрэць іншаземцаў.

Аляксандр Булгак, намеснік дырэктара РНПЦ "Кардыялогія": "Як правіла, гэта грамадзяне краін СНД, у нас шмат прыязджаюць з Украіны, РФ, Азербайджана, Арменіі, Грузіі. Яны едуць з рознымі праблемамі. У нас высокі ўзровень аказання меддапамогі і добрыя вынікі пасля хірургічных умяшанняў".

Візітная картка цэнтра сёння - трансплантацыя сэрца. Упершыню такую аперацыю ў нас правялі ў лютым 2009 года. З тых часоў у гэтым цэнтры забіліся ўжо больш за 280 новых сэрцаў.