Беларускія кардыёхірургі правялі ўнікальную аперацыю

15 ноября 2016

Беларускія кардыёхірургі ўпершыню правялі ўнікальную аперацыю па адначасовай перасадцы сэрца і лёгкіх. Прычым органы перасаджвалі адзіным комплексам. Аперацыя доўжылася 9 гадзін, асістэнтамі былі 20 чалавек. Усё прайшло паспяхова. Стан 32-гадовага пацыента ацэньваецца як стабільны. Беларускія медыкі з упэўненасцю заяўляюць: зараз у нашай краіне праводзяцца ўсе магчымыя трансплантацыі. Працягне Улада Карніцкая.

Роўна 14 сутак журналісты ўсёй краіны чакалі дазволу ўбачыць гэтага пацыента. І атрымалі яго толькі зараз, калі з упэўненасцю можна сказаць: трыццацідвухгадовы Аляксей зможа вярнуцца да звычайнага жыцця. З парокам сэрца мужчына нарадзіўся, пазней ад хваробы пачалі разбурацца і яго лёгкія. Зараз пацыент знаходзіцца ў спецыяльным боксе, так захоўваюць яго імунітэт.

Аперацыя па перасадцы адразу двух органаў - лёгкіх і сэрца - доўжылася крыху больш за 9 гадзін. Праз яшчэ паўдня пацыент з Віцебскай вобласці расплюшчыў вочы. Над тым, каб ён у прамым сэнсе ўдыхнуў па-новаму, а ў грудзях забілася здаровае сэрца, працавала каманда з амаль двух дзясяткаў медыкаў.

Адна са складанасцяў такога ўмяшання - прыдатныя донарскія органы. З патэнцыяльных, як правіла, падыходзяць толькі 10%.

Упершыню пра тое, што беларускія хірургі змогуць здужаць такую комплексную трансплантацыю, заяўлена было пасля першай для краіны перасадкі сэрца - у 2009 годзе. Сем гадоў медыкі рыхтаваліся, стажыраваліся ў лепшых клініках свету. І зараз з упэўненасцю гавораць: у нашай краіне праводзяць усе магчымыя трансплантацыі

Напрыклад, у 2005 годзе ў нашай краіне было праведзена ўсяго 8 аперацый па перасадцы органаў. Сёння іх колькасць павялічылася амаль у 60 разоў. Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на першым месцы сярод краін былога Савецкага Саюза і ўваходзіць у трыццатку сусветнага рэйтынгу нараўне з Германіяй і Італіяй.

Зараз у лісце чакання на перасадку комплексу лёгкія-сэрца 15 беларусаў. З гэтага часу такія аперацыі стануць рэгулярнымі. Чарговы крок - мікрахірургія сэрца. Беларускія ўрачы ўжо дамовіліся з расійскімі, што будуць вучыцца лячыць нават самыя вузкія сасуды.