Беларускія антраполагі аднавілі аблічча чалавека, які жыў некалькі стагоддзяў таму

10 Лістапада 2018

Дзякуючы сучасным тэхналогіям беларускія антраполагі аднавілі аблічча чалавека, які жыў некалькі стагоддзяў таму. Скульптурны партрэт узноўлены метадам пластычнай рэканструкцыі чэрапа. Меркавана, гэта манах аднаго з найстаражытных праваслаўных цэнтраў нашай краіны - Лаўрышаўскага манастыра.

Пра навуковае даследаванне і яго візуальны вынік Алена Борматава. Скульптурны партрэт - вынік антрапалагічнай рэканструкцыі. У яе аснове методыка яшчэ савецкага антраполага Герасімава. Галоўнае - каб захаваўся чэрап, бо твар аднаўляюць метадам яго пластычнай рэканструкцыі. Поспех залежыць і ад ступені захаванасці. Першы этап -  рэстаўрацыя чэрапа. Найбольш спрэчныя моманты аднаўлення твару - гэта нос і форма вушной ракавіны -  храстковыя тканкі.

Астанкі чалавека были знойдзены два гады таму ў крыпце храма, што адносіцца да манастыра ў Лаўрышаве. Антрапалагічная экспертыза ўстанавіла яго ўзрост - ад 40 да 50 гадоў. Зараз паўстае пытанне аб правядзенні радыявугляроднага аналізу, каб вызначыць прыблізную даціроўку пахавання. Вынікі дапамогуць высветліць асобу чалавека. Пакуль існуюць толькі версіі.

Таксама ў планах экспертыза ДНК. Пакуль жа астанкі людзей, знойдзеныя ў царкоўнай крыпце, захоўваюцца ў алтарнай частцы аднаго з манастырскіх храмаў.

Аднавіць скульптурны партрэт другога чалавека пакуль немагчыма. Прычына - вельмі дрэннае захаванне костак чэрапа.

Пасля аднаўлення антраполагамі скульптурнага партрэта чалавека, які быў пахаваны некалькі стагоддзяў таму ў крыпце Лаўрышаўскага манастыра, не выключана магчымасць, што зараз рэканструяваны бюст манаха будзе дастаўлены ў музей духоўнага цэнтра.