Беларускія 3D-прынтары і мабільныя робаты чакаюць серыйнай вытворчасці

18 ноября 2015

Зараз вядучыя навуковыя ўстановы краіны займаюцца іх распрацоўкай. У снежні адбудзецца прэзентацыя на некалькіх конкурсах, у тым ліку і на гарадскім кірмашы інавацыйных ідэй. Антаніна Станкевіч ацаніла вынаходкі.

Гэты прататып будучага мабільнага робата хутка яшчэ раз “абкатаюць” у палявых умовах. Падчас папярэдніх іспытаў вынаходнікі знайшлі шэраг недахопаў і выправілі іх. Новы дэвайс зроблены на платформе звычайнага міні-трактара. Але спатрэбіцца такі робат можа і ратавальнікам – напрыклад, тушыць пажары там, куды чалавек не зможа трапіць проста фізічна, і міліцыі, і нават сапёрам.

У свеце мабільныя робаты выпускаюцца ўжо некалькі гадоў запар, аднак перавага менавіта гэтай мадэлі, кажуць распрацоўшчыкі, у тым, што складаную электроніку і праграмнае забеспячэнне спалучылі са звычайнай хадавой і таннай маркай трактара. Таму і кошт такога дэвайса на выхадзе будзе даволі нізкім. “Даводзяць да розуму” мадэль сіламі некалькіх інстытутаў, да работы прыцягваюць і перспектыўных студэнтаў.

У гэтай лабараторыі студэнт 4-курснік Аляксандр з сябрамі-аднадумцамі ўжо сабралі два так званыя 3D-прынтары. Адзін з іх – для харчовай галіны, другі – для вырабу дэталяў з пластыку. Пакуль што гэта макет прынтара, аднак распрацоўкай ужо зацікавіліся шэраг буйных прадпрыемстваў. За адытыўнымі тэхналогіямі – будучыня, упэўненыя спецыялісты.

Сваю распрацоўку калектыў інжынераў прадэманструе не толькі на сталічным інавацыйным тыдні, але і іншых конкурсах і выставах. І не выключана, што праз некаторы час такія прыборы будуць запатрабаваныя не толькі беларускімі, але і замежнымі прадпрыемствамі.