Беларуская сталіца ў прадчуванні Новага года

29 декабря 2016

Лічаныя дні застаюцца да сустрэчы 2017.   Хто яшчэ не вызначыўся, дзе і як праводзіць свята, ідэі прапануе горад.

Пасля  бою курантаў у кожным раёне горада, а гэта амаль 30 пляцовак на адкрытым паветры, ва ўнісон загучыць музыка. На тэрыторыі ля Палаца спорту вакальныя калектывы, танцавальныя гурты і аніматары будуць сустракаць гасцей у 11 вечара. Навагодняя афіша Мінска ў матэрыяле Аляксандры Драгун.

Самая вялікая сцэна горада амаль гатова да навагодняга святкавання. Літаральна праз два дні арэол імправізаванага амфітэатра заззяе рознакаляровымі агнямі. Светлавое афармленне будзе дапаўняць музычныя і танцавальныя нумары ў навагоднюю ноч аж да 4-х раніцы. 

Галоўнай пляцоўкай для народных гулянняў пад адкрытым небам стане набярэжная Свіслачы. За гадзіну да бою курантаў ля Палаца спорту гасцей пачнуць забаўляць музычныя гурты, аніматары і танцавальныя калектывы. А ў 01:30 на неба сталіцы разальецца маляўнічы фантан бліскучага і рознакаляровага святла. Прадоўжыцца салют 12 хвілін.

Ля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы разгорнецца вялікі навагодні стол - кірмаш са стравамі нацыянальнай кухні, гарачым шакаладам і гарбатай. Да навагодняй ночы драўляных церамкоў з багатымі прылаўкамі стане больш.

А ўся тэрыторыя гістарычнай часткі Мінска напоўніцца чароўнай атмасферай. Тэатралізаваная, музычная і інтэрактыўная праграмы запланаваны як на адкрытым паветры ў Верхнім горадзе, так і ў канцэртнай зале.

У навагоднюю ноч амаль 30 пляцовак для святкавання будуць чакаць гасцей у кожным раёне горада. Насычаная праграма з музычнымі і тэатралізаванымі нумарамі, кірмашы і карагоды вакол ёлкі. Акрамя гэтага тут, ля Лядовага палаца, ва ўнісон з галоўным салютам Мінска ў 01:30 таксама заззяе феерверк новага, 2017 года. 

Дарэчы, у самым вялікім раёне горада - Фрунзенскім - адразу на дзвюх пляцоўках зазіхаціць феерверк. Яшчэ адзін лакальны салют запланаваны ля “Чыжоўка-Арэны”. Казачнасці, бадай, самай чароўнай ночы дадасць ілюмінацыя. Сярод навінак гэтага сезона - гіганцкі  11-метровы футбольны мяч памерам з чатырохпавярховы будынак.