Беларуская грамадскасць гатовая да тэлеканалаў вузкай скіраванасці

27 мая 2013

Прыкладам становіцца культурна-асветніцкі тэлеканал Беларусь 3. Паводле замежнага вопыту, у каналаў такой скіраванасці, як правіла, свой глядач. З'явіўся ён і ў  Беларусь 3.  Дадзены канал створаны, каб захоўваць культурную спадчыну і грамадскія каштоўнасці беларусаў. Але вось з распаўсюджваннем сігналу ёсць праблемы.


У чым прычына - раскажа Дзмітрый Цітоў.

Інфармаваць, адукаваць і забаўляць мільёны. Тэлебачанне   застаецца самым магутным СМІ як у разнастайнасці прадукту, так і па ахопе аўдыторыі. У Беларусі тэлебачанне глядзіць практычна ўсё дарослае насельніцтва - 97%. Прычым 80 % уключае блакітны экран штодня.

Мастацкія фільмы ў нас любяць амаль 70% рэспандэнтаў. Беларускімі навінамі цікавяцца 55% апытаных. Атрымаць кулінарны рэцэпт або карысную параду ад ўрача з дапамогай тэлевізара не супраць 38% тэлегледачоў. Ледзь менш цікавяцца сусветнымі навінамі. І амаль 30% глядзяць спорт. На апошнім месцы культура.
Паводле даследаванняў заходніх калегаў, каналы культурнай скіраванасці не маюць выразнай аўдыторыі, таму і рэйтынгі ў іх невысокія. Так і падчас запуску першага лічбавага канала краіны - Беларусь 3 не разлічвалі на вялізныя камерцыйныя прыбыткі.  Ён першы агульнанацыянальны спецыялізаваны канал. Створаны захоўваць культурную спадчыну беларусаў, грамадскія каштоўнасці.

Віктар Маючы, дырэктар дырэкцыі тэлеканала Беларусь 3:
Канал Беларусь 3, ён не рыначны па прыродзе. Умовы не могуць не ўплываць на яго, таму што няма тых законаў, у якіх ён мог бы развівацца, і вось гэтая сітуацыя вельмі паказальная. З вялікай цяжкасцю гэты канал увайшоў у сеткі, таму што рынку ён не выгадны.

Тэлеканал Беларусь 3, які пачаў сваё вяшчанне ў лютым гэтага года, зараз актыўна змагаецца за прысутнасць у сетках кабельных аператараў, не знаходзячы месца сярод дзясяткаў пакупных замежных каналаў. А вось у пакет найбуйнейшага кабельнага аператара тэлеканал Беларусь 3 увайшоў: транслюецца як у высокай якасці, так і ў аналагавай. На думку дырэктара буйной кампаніі, тут праблема не ў канале, а ў саміх аператарах.

Па рэспубліцы зараз налічваецца парадку 120 кабельных аператараў. Па ўсіх абласцях Беларусі быў праведзены маніторынг, падчас якога выявілася, што ўсяго 54 аператары падключылі тэлеканал Беларусь 3. Вялікая частка пакінула недаступнай беларускаму гледачу лепшае з беларускай культуры.