Беларуская міліцыя 100-гадовы юбілей адзначыла ўрачыстым шэсцем

4 марта 2017

Гэты дзень у гісторыі Беларусі асаблівы. Значная дата для тых, хто выбраў для сябе адну з самых гераічных прафесій. Сёння споўнілася 100 гадоў з дня стварэння міліцыі. У гонар векавога юбілею святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх абласных гарадах. 

Самае маштабнае разгарнулася ў цэнтры сталіцы. Тут, на Кастрычніцкай плошчы, прайшоў урачысты марш падраздзяленняў МУС. Асаблівую значнасць падзеі надаў і ўдзел у ёй Кіраўніка дзяржавы. На мерапрыемстве прысутнічалі і прадстаўнікі замежных дэлегацый. Дарэчы, госці нашай краіны асабліва зважаюць на спакойнае становішча ў Беларусі, якое ў няпросты час ужо стала ў літаральным сэнсе нашай візітнай карткай. Сведкамі маштабнага шэсця сталі і тэлегледачы. Тэлеканал "Беларусь 1" вёў прамую трансляцыю з Кастрычніцкай плошчы. Ну, а самыя яркія моманты святочнага дня ў сваім аглядзе падрыхтаваў Аляксей Адашкін.

Векавы юбілей - падзея рэдкая і важная. Адзначыць круглую дату беларускія праваахоўнікі вырашылі строга, але з размахам. На Кастрычніцкай плошчы нязвыкла шматлюдна для суботняй раніцы. Тут у страі прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў міліцыі. Усё згодна са статутам. Міністр МУС спачатку прымае рапарт і толькі пасля віншуе.

Са стыхійнага народнага апалчэння міліцыя вырасла ў магутную і надзейную апору дзяржавы. Сёння яна выконвае самыя сур'ёзныя задачы. Сярод іх не толькі ахова парадку, але і гарантаванне нацыянальнай бяспекі. За сто гадоў МУС стала сілай, з якой лічацца, паважаюць і якой давяраюць самае каштоўнае.

Сёння свята тых, хто выбраў для сябе адну з самых гераічных прафесій, - абараняць грамадства ад злачыннасці. Менавіта міліцыя забяспечвае стабільнасць і парадак у дзяржаве. Беларусь сёння нараўне з Сінгапурам, Аўстрыяй і Японіяй уваходзіць у першую дзясятку дзяржаў па ўзроўні бяспекі жыцця. І праваахоўнікі паставілі сабе задачу працягваць і ў другім стагоддзі крочыць у нагу з часам.

Аляксандр Кобрусеў, намеснік Міністра ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні: "Грамадства развіваецца, рухаецца наперад, і патрабаванні будуць узрастаць. У будучыні, напэўна, з'явіцца новая форма, новыя веды, будзе неабходна веданне замежных моў. Тыя нязменныя патрабаванні, якія былі, яны і будуць: прыстойнасць, сумленнасць, жаданне служыць свайму народу".

Ва ўрачыстым маршы сёння ўдзельнічалі больш чым 1 200 чалавек і амаль паўсотні адзінак тэхнікі. Парадным строем перад шматлікімі гледачамі прайшлі 17 пешых разлікаў. Кожны з іх - асобнае падраздзяленне МУС. Тут і навучэнцы спецыялізаванага ліцэя МУС, і байцы АМАПа, і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі і нават парадны разлік супрацоўнікаў-жанчын Акадэміі МУС. На чале групы прадстаўніц прыгожага полу - падпалкоўнік Алена Абрамовіч.

Яна са школы прафесійна займалася самба. Скончыла міліцэйскую акадэмію і засталася тут выкладаць. Алена Абрамовіч ужо 15 гадоў вучыць будучых праваахоўнікаў, як паваліць на лапаткі любога злачынца нават калі той са зброяй.

Алена Абрамовіч, старшы выкладчык кафедры прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі міліцыі Акадэміі МУС Беларусі: "Кожны супрацоўнік унутраных спраў павінен умець абараніць не толькі сябе, але і грамадзян, здолець прадухіліць правапарушэнні і затрымаць правапарушальніка. Мы першапачаткова пачыналі трэніравацца асобна ад хлопцаў, і, вядома ж, нейкая няўпэўненасць прысутнічала, але ўжо на першых сумесных трэніроўках, калі дзяўчаты ўбачылі, што ў іх атрымліваецца не горш, чым у хлопцаў, у іх з'явілася такое натхненне".

Каб так святочна маршыраваць, спатрэбіліся шматлікія гадзіны трэніровак. Міліцыянеры падлічылі, што за час падрыхтоўкі некаторыя з іх прайшлі па тры сотні кіламетраў. Дарэчы, хуткасць калоны фіксаваная - 120 крокаў за хвіліну.

З развіццём міліцыі ў лепшы бок змяняецца і крымінагеннае становішча. Паслядоўна памяншаецца колькасць злачынстваў і іх ахвяраў. А па працы следчых Беларусь у лідарах у нашым рэгіёне. У 2016 годзе па лініі крымінальнага вышуку раскрыта амаль 90% цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў. Як вынік - расце давер да праваахоўнікаў.

Самая ўдзячная ацэнка іх працы - гэта калі міліцыю наогул не прымячаюць. Гэта значыць, чым менш у грамадзян падстаў для звароту да людзей у форме, тым лепш. Сёння - той рэдкі выпадак, калі вартавыя парадку пастараліся, каб прыцягнуць да сябе максімальную ўвагу. Адразу пасля ўрачыстага марша прадстаўнікоў усіх падраздзяленняў МУС на праспект Незалежнасці выехала вялікая калона спецыяльнай тэхнікі.

Тэхнічнае абсталяванне беларускіх органаў правапарадку на добрым узроўні. За апошнія гады МУС атрымала дзясяткі новых узораў узбраення. Сёння гледачам урачыстага шэсця паказалі толькі частку таго аўтапарка, які дапамагае міліцыі гарантаваць бяспеку. На чале калоны ехала рэтратэхніка, якая ўжо ўвайшла ў стогадовую гісторыю ведамства. У асноўным жа складзе і манеўраныя пазадарожнікі, і бронетранспарцёры, і аўтамабілі, якія ў звычайны час наўрад ці сустрэнеш на вуліцах беларускіх гарадоў.

Каб павіншаваць беларускіх праваахоўнікаў з юбілеем, у Мінск прыбылі каля дваццаці дэлегацый з-за мяжы. Сярод іх - прадстаўнікі Кітая, Расіі, В'етнама, Сербіі, Польшчы і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Шэсце на цэнтральнай плошчы Мінска прыцягнула ўвагу і тых замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь проста адпачыць або правесці дзелавыя перамовы.

Адум Міёба, жыхар Камеруна: "Я пад уражаннем. Святочны марш прайшоў вельмі добра. Прыкметна, што міліцыя ў вас выдатна працуе. Калі я вярнуся дамоў у Камерун, раскажу ўсім сваякам і сябрам, што Беларусь - цудоўная краіна".

Некаторыя супрацоўнікі органаў бяспекі сёння атрымалі і павышэнне. Прэзідэнт падпісаў указы аб прысваенні дзесяці воінскіх і спецыяльных званняў. Іх служба не спыняецца і ў святы. Як прызнаюцца самі праваахоўнікі, усім будзе лепш, каб жыццё не давала людзям нагод для трывог, а міліцыі - падстаў для подзвігаў. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя