Беларуская каманда прывезла золата First Global Challenge з Дубая

8 Лістапада 2019
І ў сельскай гаспадарцы, і, практычна, ва ўсіх сферах сёння эфектыўная работа немагчыма  без укаранення найноўшых тэхналогій і стварэння разумных машын-памочнікаў. Усё больш увагі робататэхніцы зараз надаюць і юныя інжынеры. У саміх хлопцаў ад новых вынаходак перспектывы не меншыя. Іх ужо запрашаюць на працу ў буйныя кампаніі, яны заваёўваюць вышэйшыя ўзнагароды прэстыжных конкурсаў па ўсім свеце. Аб праектах будучыні беларускіх студэнтаў і школьнікаў - Юлія Хмель.


Робат "Анастасія" згуляла партыю на шахматным турніры ў Брэсце

Шах і мат… . Складаная камбінацыя - за адну секунду. Анастасія - так завуць  электроннага гросмайстра з Брэста - думае вокамгненна. Распрацоўшчыкі  жартам завуць яе ідэальным шахматным партнёрам: маўклівая і заўсёды гатовая пагуляць. Спраектавалі Анастасію студэнты Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. На стварэнне такой машыны сышло чатыры гады. 

Арцём Скаруба, магістрант Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта: "Гэта шахматная электронная дошка. У кожнай фігуры ёсць магніты, інфармацыю аб гэтых фігурах дошка счытвае і перадае на камп'ютар,  і мы ведаем сітуацыю на дошцы. Далей - дапамагае вылічыць наступны ход шахматны рухавічок, ён падумае трошкі і робіць ход, які ўжо выконваецца робатам".


Беларуская каманда прывезла золата First Global Challenge з Дубая

А гэтай разумнай машыне напарнік для працы не патрэбен, яна і адна справіцца з ачысткай акіяна. І хай пакуль у ролі смецця - шарыкі, а акіян - навучальны клас, у будучыні перад робатам - глабальныя задачы. 

Аляксандр Кульша, пераможца конкурсу First Global Challenge у Дубаі: "Пакуль дэманструем  на мадэлях, але як у перспектыве можа перарасці ў паўнавартасную распрацоўку. Тое, чым мы зараз займаемся,  можа стаць падмуркам для далейшага развіцця, для далейшай распрацоўкі".

Два месяцы бесперапыннай работы, па 7 дзён на тыдзень пасля абеду і да самай ночы - такая цана золата. Высокую ўзнагароду каманда атрымала на First  Global Challenge у Дубаі, абыдучы ўсе краіны-саперніцы, якіх, дарэчы, было 189. 


Робат - памочнік урача


Сёння робаты могуць не толькі рабіць нашу прыроду чысцейшай, але і нават ратаваць чалавечыя жыцці. Гэта - мадэль робата для працы з дзецьмі, у якіх аўтызм. Так урач можа нават не заходзіць у палату  і размаўляць з пацыентам праз гэтага касматага труса. Усё для таго, каб наладзіць кантакт. Працуе вельмі проста.

Ідэю распрацавалі навучэнцы Мінскага аўтамеханічнага каледжа. За аснову ўзялі звычайны пыласос. А далей, як кажуць, справа тэхнікі. З такім на першы погляд простым праектам на конкурсе ў Пекіне занялі дыплом 1-й ступені па кірунку "Медыцына". 


Спецыялісты не раз сцвярджалі - за робатамі будучыня


А ў хуткім часе яны і ўвогуле могуць замяніць вадзіцеляў, кур'ераў, ахоўнікаў, швачак, працаўнікоў фастфудаў. І ўсё ж сёння ім яшчэ пакуль рана спаборнічаць з чалавечым інтэлектам.  У паядынку на шахматным турніры робат "Анастасія" саступіла ў хуткасці. Перамогу атрымала чэмпіёнка свету па шахматах Марыя Музычук. Таму,  нягледзячы на высокія тэхналогіі, лідзіруючае  месца пакуль усё ж за чалавекам.