Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў адзначае 75-годдзе

29 июля 2020
Сёлета Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў адзначае 75-годдзе. Юбілейныя мерапрыемствы запланаваны на восень, а зараз пачынаюцца прыёмныя экзамены. Імідж акадэміі  спачатку на тэрыторыі Савецкага Саюза, а зараз на міжнароднай прасторы заўсёды стваралі выкладчыкі, выпускнікі і сённяшнія студэнты. 

Расказвае Ларыса Гулякевіч.

Акадэмія мастацтваў - творчы брэнд Беларусі 

Вітражы, пано, карціны, інсталяцыі ў розных складаных тэхніках упрыгожваюць адноўлены будынак Акадэміі мастацтваў. Гэта курсавыя і дыпломныя працы студэнтаў, якія зараз знаходзяцца у фае любімай альма-матэр.
Гэта арт-сцяна - аўтарства сёлетняй выпускніцы Лізы Бутрыс. Насупраць – выпускніцы мінулага года Кацярыны Янтоўскай. 
Міхаіл Баразна спрабаваў сябе ў розных відах мастацтва, хіба што толькі скульптурай не займаўся. 

Творчае партфоліо Міхаіла Баразны

Любімая справа - фотамастацтва. Кніжная графіка і дызайн, плакат і фатаграфіка. Розныя эксперыменты са стужкавай і лічбавай фатаграфіяй раскрываюць вялікія мастацкія магчымасці.
Фотамастацтвам захапіўся яшчэ ў 13-гадовым узросце, калі тата падарыў фотаапарат. Ён з поспехам быў разабраны і з цяжкасцю сабраны. Пасля разумення тэхнічнага працэсу здымак і атрымання алергіі на хімічныя рэактывы праяўлення стужкі, Міхаіл захаваў любоў да фота назаўсёды. Дарэчы, талент ён атрымаў у спадчыну ад сваёй бабулі. 
Любімае месца пленэрных здымкаў - маёнтак Фердынанда Рушчыца ў Валожынскім раёне менавіта восенню. А гэта - пастановачны здымак пад назвай "Кароль Лір".  Вокны дамоў, як вочы сусветных сталіц. Аўтапартрэт. Праўда, без усялякіх фільтраў і мудрагелістых прыёмаў, фота зроблена ў адлюстраванні плазменнага экрана тэлевізара.
Спецыяльнае абсталяванне, прынцыпы раскадроўкі праграмы лічбавай апрацоўкі - цэлая навука, якую Міхаіл Баразна выкладае на кафедры графічнага дызайну. А пасаду рэктара Акадэміі займае ўжо 10 гадоў.