Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у конкурсе прафмайстэрства - "World skills СНД плюс".

26 мая 2015

Беларускія спецыялісты сталі галоўнымі кансультантамі ў мадэрнізацыі прафадукацыі Казахстана. Калегі вырашылі памяняць сваю сістэму і аб'явілі тэндар сярод экспертаў з розных краін. У выніку нашы спецыялісты распрацуюць індывідуальныя навучальныя праграмы для Казахстана і, што асабліва важна, падзеляцца вопытам у стварэнні рэсурсных цэнтраў. Адзначым, дадзены кірунак беларусы пачалі развіваць аднымі з першых сярод краін СНД. І зараз наш вопыт ахвотна пераймаюць калегі. Дамоўленасці аб супрацоўніцтве былі дасягнуты ў Казані, дзе беларуская дэлегацыя прымала ўдзел у конкурсе прафмайстэрства "World skills СНД плюс".

Наш карэспандэнт Кацярына Шыбко больш падрабязна з Казані.

У гэтым рэсурсным цэнтры рыхтуюць супрацоўнікаў для авіяцыйнай прамысловасці. Сутнасць кожнай такой установы ў тым, што тут тэорыя і практыка непарыўна звязаны паміж сабою. Побач з навучальнымі класамі - міні-вытворчасць з самым новым абсталяваннем па выбранай спецыяльнасці. Рэсурсны цэнтр, прызнаецца Раман Мунтайзер, кардынальна змяніў меркаванне аб рабочых прафесіях. Паступаючы сюды, ён нават не думаў, што сучасныя токары на прадпрыемствах працуюць менавіта так.

У Татарстане ўсяго пакуль 15 рэсурсных цэнтраў. У Беларусі 34 па розных спецыяльнасцях. Сярод краін СНД мы пачалі аднымі з першых развіваць гэты кірунак. Апроч новага падыходу ў навучанні студэнтаў такія цэнтры вырашаюць яшчэ адну важную задачу - перападрыхтоўку ўжо гатовых спецыялістаў. Бо пры мадэрнізацыі прадпрыемства далёка не ўсе рабочыя могуць працаваць на сучасным абсталяванні.

Стварэнне такіх цэнтраў патрабуе вялізных інвестыцый. Да гэтага пытання ў калег адмысловая ўвага. Бо і ў Расіі, і ў Беларусі ў асноўным гэта пакуль бюджэтныя грошы. Зараз важна пераканаць работадаўца, што падрыхтоўка кадраў - праблема не толькі педагогаў. У Германіі, напрыклад, усё абсталяванне для каледжаў закупляюць бізнесмены, разумеючы, што іх дывідэнды напрамую залежаць ад прафесіяналізму супрацоўнікаў. У Фінляндыі жыхары плацяць нават спецыяльны падатак на прафесійную адукацыю.

Аляксандр Сангін, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама: "Прамысловыя прадпрыемствы не павінны стаяць убаку па любой спецыялізацыі, а больш актыўна ўдзельнічаць у стварэнні такіх цэнтраў, больш актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы навучэнцаў. Часам бывае і такое, што работадаўца не гатовы да такога развіцця падзей".

Гэту праблему калегі яшчэ раз абмяркуюць на сустрэчы ўжо ў Мінску. Беларускія спецыялісты запрасілі дэлегацыю з Татарстана ў найбліжэйшы час наведаць нашу краіну.

Вопыт Беларусі зараз пераймаюць і іншыя краіны. Сёлета нашы спецыялісты выйгралі тэндар на званне асноўных кансультантаў у мадэрнізацыі прафесійнай адукацыі Казахстана. Такім чынам, беларускія эксперты для сваіх калег распрацуюць індывідуальныя навучальныя праграмы, падзеляцца сваімі методыкамі і дапамогуць стварыць першыя ў краіне рэсурсныя цэнтры. Дарэчы, у гэтым тэндары апроч беларусаў удзельнічалі таксама італьянцы, немцы і аўстрыйцы.