Беларуская дэлегацыя рыхтуецца прыняць удзел у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў

26 сентября 2017

Беларуская дэлегацыя рыхтуецца прыняць удзел у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў. Ён пройдзе ў Сочы ў сярэдзіне кастрычніка.

19-ы моладзевы форум стане самым маштабным за апошнія 30 гадоў. Сёлета гаспадыня фестывалю - Расійская Федэрацыя - рыхтуецца прыняць у Сочы і Маскве каля 20 000 чалавек з 150 краін свету. Пры гэтым у беларускай дэлегацыі адна з самых вялікіх квот на колькасць удзельнікаў. Іх будзе каля 300.

Нашу краіну будуць прадстаўляць рабочая і студэнцкая моладзь: журналісты і спартсмены, пераможцы творчых і інтэлектуальных конкурсаў. Узрост удзельнікаў - ад 18 да 35 гадоў.

На Сусветным фестывалі Беларусь прэзентуе калектыўную выставачную экспазіцыю - дасягненні ў сферы студэнцкай адукацыі, моладзевага турызму і спорту. Дэлегацыю Беларусі ўзначаліць міністр адукацыі Ігар Карпенка.