Рэпартаж Юрыя Шаўчука.
Стральба і выбухі ля падножжа Кургана Славы прыцягнулі ўвагу не толькі журналістаў і ваенных, але і цікаўных гледачоў. Нагода для паказальных выступленняў спецназа з Мар'інай Горкі была выдатная - першы дзень адпраўкі навабранцаў у армію. Сёння з гэтага святога месца служыць паехалі 90 прызыўнікоў з Мінскай вобласці.
Ужо зусім хутка сваё адзенне Аляксей зменіць на берэт такога ж нябеснага колеру. Хлопец будзе служыць у дэсантных войсках. Навіна пра тое, што ён трапіць менавіта ў ССА, была падарункам да дня нараджэння, гаворыць малады чалавек. Медкамісія пацвердзіла: да службы ў элітных войсках прызыўнік гатовы.
Мікалай Крыўчэня, ваенны камісар ваеннага камісарыята Мінскай вобласці:
З кожным годам стан здароўя прызыўнікоў паляпшаецца. Медыцынскія камісіі маюць усё неабходнае абсталяванне, каб можна было дыягнаставаць захворванні.
Такіх, як Лёша, вясновы прызыў - 2014 сабраў амаль 10 тысяч чалавек. Усе гэтыя хлопцы папоўняць беларускія войскі за найбліжэйшыя два тыдні. Прычым тысяча навабранцаў будзе служыць у рэзерве. Як паказала практыка апошніх гадоў, службай задаволеныя не толькі запасныя салдаты, але і камандаванне Узброеных сіл.
Усяго напярэдадні прызыву ў ваенкамат трэба было з'явіцца больш як 70 тысячам хлопцаў па ўсёй краіне. І толькі кожнаму сёмаму выпаў гонар прымерыць ваенную форму. Адтэрміноўку ад службы атрымалі 26 тысяч маладых людзей.
Сёння ж пад марш Развітанне славянкі служыць у войскі адправіліся 150 хлопцаў з Гродна. Як і ў Мінску, гэта лепшыя з лепшых. Яны трапяць у эліту Узброеных сіл: спецназ, роту ганаровай варты, войскі сувязі.
Адразу пасля ўрачыстай цырымоніі навабранцы раз'ехаліся па ваенных часцях. Наперадзе іх чакае курс маладога байца, а праз паўтара-два месяцы - прысяга на вернасць Радзіме.














