Белкаапсаюз закупіў у насельніцтва больш за шэсцьдзясят тысяч тон яблыкаў

8 сентября 2014

У Беларусі больш за шэсцьдзясят тысяч тон яблыкаў сёлета ў насельніцтва закупіла спажыўкааперацыя. У планах сабраць яшчэ столькі ж. Прыступілі і да нарыхтоўкі гатунковага яблыка. За яго кааператары даюць да 4 000 рублёў, а вось плод на перапрацоўку закупляюць па ніжэйшым кошце. Яблычны ўраджай сёлета небывалы. Аднак далёка не ўсім атрымліваецца своечасова яго здаць.


Куды можна здаць яблыкі з прыватных падворкаў і дзе плануюць захоўваць ураджай, разбіралася Наталля Кезік.


Што рабіць з небывалым ураджаем яблыкаў, Зінаіда Лаліна не ўяўляе. На зіму ўжо зварыла варэнне з белага наліву, з малінаўкі выціснула сок, частку яблыкаў адправіла сваякам у горад. Астатні ўраджай планавала здаць у спажыўкааперацыю, аднак нарыхтоўшчыкі сёлета да іх вёскі пакуль не даехалі.


Прападае ўраджай не толькі ў гэтай вёсцы. У сезон ля дарогі ўсё часцей можна сустрэць тых, хто не змог здаць гародніну і садавіну ў нарыхтоўчыя пункты. Гавораць, дачакацца машын амаль не магчыма, ураджай псуецца.


Пра тое, што Белкаапсаюзу трэба быць больш мабільным, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы, калі прымаў з дакладам старшыню праўлення Белкаапсаюза. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кааператары рэгулярна звяртаюцца па фінансавую падтрымку і крэдыты, у той час як іншыя гандлёвыя арганізацыі працуюць з прыбыткам і без дзяржаўных датацый. Асабліва гэта датычыцца сельскай мясцовасці. Тут, паводле слоў Прэзідэнта, можна і трэба зрабіць усё, каб своечасова закупіць у насельніцтва лішкі ўраджаю.


Аднак у сітуацыі, якая склалася, нарыхтоўшчыкі часцей за ўсё вінавацяць саміх людзей.


Уладзімір Луцкі, начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза: Праблема ў тым, што, можа быць, той або іншы чалавек не ўбачыў куток нарыхтоўшчыка ў гандлёвым аб'екце, у якім размешчаныя і тэлефоны гарачай лініі, і тэлефоны раённага спажывецкага таварыства і аблспажыўсаюза, куды можна заўсёды патэлефанаваць і дамовіцца пра машыну, пра час, калі прыедуць і забяруць яблыкі.


Каб не страціць прыбытак, Аляксандр Абрамчык нікога не чакае. У фермера 45 гектараў яблыневага саду. Ураджай добры, давядзецца збіраць яго на 2 этапы, каб яблык максімальна паспеў.


З лепшых гатунковых яблынь фермер збірае ад дваццаці да сарака тон яблыкаў з гектара. Але ўраджай важна не толькі своечасова сабраць, але і захаваць. Разумее гэта і фермер, арандаваў памяшканні з халадзільным абсталяваннем. Частка ўраджаю там захаваецца да зімы. І частка ўжо зараз з'явіцца на беларускіх прылаўках.


Аляксандр Абрамчык упэўнены: на яблыках можна зарабляць круглы год. Таму ў яго ў планах - будаўніцтва ўласнага сховішча, што знізіць страты ўраджаю амаль на траціну.