Белэнерга: работы па аднаўленні электразабеспячэння працягваюцца ў 74 населеных пунктах

10 ноября 2016

Завеі ўначы і гурбы ў раніцы. Так праходзіць у Беларусі першая дэкада апошняга восеньскага месяца.

Паводле звестак Белэнерга, работы па аднаўленні электразабеспячэння працягваюцца ў 74 населеных пунктах. Большасць з іх - гэта вёскі або сялібы з адным домам. Наступствы непагадзі закранулі і вадзіцеляў: учора ў краіне адбылося амаль тры сотні аварый, аднак мінулая ноч прайшла без сур'ёзных здарэнняў. Прыбіралі вуліцы Мінска 330 адзінак тэхнікі. Сіноптыкі прагназуюць пахаладанне - у пятніцу ўначы да мінус 14.

Станіслаў Салавей, старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі: "Вадзіцелі павінны быць вельмі асцярожныя і ўважлівыя, калі набліжаюцца да пешаходных пераходаў. Ну, а самі пешаходы павінны памятаць пра тое, што перасоўваючыся дзесьці на загарадных трасах, ні ў якім разе нельга выходзіць на праезную частку, а рухацца па абочыне, нягледзячы на тое што яна заснежаная".

У Віцебску пабіты снежны рэкорд, які трымаўся амаль 70 гадоў: вышыня белага покрыва ў абласным цэнтры - 16 сантыметраў.

Нягледзячы на моцны снегапад, сітуацыя ў галоўнай паветранай гавані краіны пад кантролем. Вылеты з Нацыянальнага аэрапорта праходзяць згодна з раскладам.