Белэнерга: 390 населеных пунктаў і 1100 трансфарматарных падстанцый застаюцца без электрычнасці

13 января 2016

На дадзены момант каля 390 населеных пунктаў Беларусі і 1100 трансфарматарных падстанцый застаюцца без электрычнасці. Апошнюю інфармацыю нашаму тэлеканалу паведамілі супрацоўнікі Белэнерга.

Так, асноўныя адключэнні з-за непагадзі прыпадаюць на Магілёўскую і Мінскую вобласці. У выпадку збояў у электразабеспячэнні ў школах, дзіцячых садах і іншых важных аб'ектах жыццезабеспячэння супрацоўнікі Белэнерга ў тэрміновым парадку будуць дастаўляць аўтаномныя дызель-генератарныя ўстаноўкі.

Нулявая тэмпература, а таксама ледзяны дождж у Магілёўскай вобласці спрыялі ўзнікненню галалёдных адкладанняў на правадах ліній электраперадачы. Ва ўсіх энергазабяспечвальных арганізацыях загадзя былі прыведзены ў гатоўнасць брыгады і тэхніка. Як падкрэсліваюць у ведамстве, праца не спыняецца і ноччу. Да ліквідацыі наступстваў цыклону прыцягнуты дадатковыя сілы: персанал і спецтэхніка будаўніча-мантажных прадпрыемстваў. Колькасць аб'ектаў, што засталіся без электрычнасці, на дадзены момант скарацілася ўдвая.

Дзяніс Кавалёў, галоўны інжынер аператыўна-дыспетчарскага ўпраўлення Белэнерга: "Ёсць шэраг выпадкаў, калі назіраюцца моцныя галалёдныя ўтварэнні на правадах ліній электраперадачы. У выніку гэта прыводзіла да абрываў, заломаў апор, падзенняў дрэў на лініі электраперадачы. На працягу сутак было адноўлена каля 4 тысяч трансфарматарных падстанцый, каля 880 населеных пунктаў. Сітуацыя ў бягучы момант працягвае заставацца сур'ёзнай, але вызначана ўстойлівая станоўчая тэндэнцыя".

У сувязі з сітуацыяй супрацоўнікі Белэнерга кожныя дзве гадзіны праводзяць экстранныя нарады. Найбольшая колькасць адключэнняў спажыўцоў электраэнергіі з-за непагадзі адбылася ў Глускім, Асіповіцкім, Клічаўскім, Кіраўскім і Бабруйскім раёнах Магілёўскай вобласці, а таксама Слуцкім і Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці.