Белавія адшуквае бортправаднікоў

29 апреля 2013

Нацыянальны авіяперавозчык аб’явіў аб кастынгу на пасаду сцюардэс і сцюардаў.

Якія патрабаванні прад'яўляюць да кандыдатаў і чаму тысячы жадаючых імкнуцца надзець форму бортправадніка - даведаўся Якаў Бута.


На падрыхтоўку самалёта да рэйса ў каманды бортправаднікоў ёсць каля 20 хвілін. За гэты час трэба праверыць аварыйна-выратавальнае абсталяванне, стан салона, багажнага адсека і загрузіць харчаванне. Толькі пасля гэтага пачынаецца пасадка пасажыраў. Бортправаднікі крыўдзяцца, калі іх лічаць афіцыянтамі. Атрымаць такую працу не нашмат лягчэй, чым стаць пілотам. Сэрвіс - гэта другараднае. Самае галоўнае - гэта бяспека.


Усяго ў Белавія больш як 200 бортправаднікоў. Пераважная большасць  дзяўчаты. Наталля прымярае новую летнюю форму, прэзентаваную ў пачатку года. Прызнаецца: усё жыццё марыла аб такой працы. Кожны дзень - новыя людзі. Часцяком бываюць і зоркі.


Кіраўніцтва Белавія пераконвае: трапіць на борт не ў якасці пасажыра, а ў складзе экіпажа абсалютна рэальна. Першы этап адбору - медкамісія. Дарэчы, на ёй і адсейваецца большасць кандыдатаў. Асноўныя патрабаванні, акрамя выдатнага здароўя, веданне англійскай і рост, які дазваляе без асаблівых намаганняў зачыніць багажную паліцу.


Прычына актыўнага пашырэння штата бортправаднікоў у імклівым развіцці авіякампаніі. Толькі за апошні год колькасць пасажыраў вырасла на чвэрць. Тым, хто пройдзе адбор (медкамісію і гутарку), трэба яшчэ паўтара месяца вучыцца.  І толькі потым у неба.