Белавія папоўніла свой парк новым авіялайнерам

15 августа 2016

Boeing 737-800 у свежай ліўрэі з малюнкам васілька прызямліўся сёння днём у Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Над дызайнам сумесна з беларусамі працавалі два амерыканскія агенцтвы - на распрацоўку ліўрэі пайшло паўтара года. Самалёт змяніўся не толькі знешне, але і ўнутры. У новым Boeing прадугледжаны больш змяшчальныя багажныя паліцы, больш прасторы для кожнага пасажыра, усталявана спецыяльнае асвятленне. Распрацоўшчыкі абяцаюць высокі ўзровень надзейнасці і нізкае спажыванне паліва, што можа паўплываць на зніжэнне тарыфаў для пасажыраў. Boeing разлічаны на 189 крэслаў у эканом-класе.

Анатоль Гусараў, гендырэктар авіякампаніі "Белавія": "Самалёты, якія прыйдуць да канца года, будуць выглядаць такім жа чынам. Мы пачалі працу па рэбрэндынгу наземнага абсталявання, напрыклад, палівазапраўшчык, які мы набылі сёлета ў Італіі, ён ужо ў новых колерах. Дакументацыя, пасадачныя талоны, форма бортправаднікоў - усё будзе змяняцца на працягу гэтага і наступнага гадоў".

Новы борт удалося атрымаць у рэкордна кароткія тэрміны - усяго праз два гады пасля падпісання кантракта. Згодна з дамоўленасцямі, да канца года ў Мінск прыбудуць яшчэ два такіх Boeing. А з часам у новым афармленні будзе ўвесь парк авіякампаніі.