"Беларусьфільм" пачаў здымкі дванаццатага фільма з цыклу "Дзяржаўная мяжа"

12 мая 2015

Вайскоўцы ў якасці масоўкі, а пагранзастава як дэкарацыі. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" пачала здымкі дванаццатага фільма з цыклу "Дзяржаўная мяжа". Першы здымачны дзень група правяла ў сталічным Батанічным садзе. Там здымалі першыя сцэны карціны, якая выйдзе ў пракат да канца гэтага года. Далей творчая група пераедзе ў Гродзенскі раён, дзе акцёры будуць жыць ва ўмовах рэальнай пагранічнай службы. А дапамагаць ужыцца ў вобразы акцёрам дапамогуць сапраўдныя вайскоўцы. Першыя дублі без мантажу ўбачыла Ніна Мажэйка.

Першы здымачны дзень маёр пагранічнай службы Канстанцін Кудзін, ён жа расійскі артыст з беларускімі каранямі Дзмітрый Ратамскі, правёў у цывільным. Натурныя здымкі прайшлі ў мінскім Батанічным садзе. Нягледзячы на адсутнасць батальных сцэн, дзень выдаўся напружаны. Ад каманды "Камера! Матор!" да "Стоп! Знята!" адзін, а то і дзясятак дубляў. Уся здымачная група не проста праходзіць сцэнарый - прыціраецца адзін да аднаго.

Каларытны персанаж - сабака кіношнага наркабарона Самсон. У сабакі нават ашыйнік з брыльянтамі. Фальшывымі - усё, як і мае быць у кіно. Грымёры і касцюмеры стала дзяжураць на пляцоўцы. Вобраз кожнага з герояў ад грыму да касцюма распрацоўваўся прафесіяналамі. Мудраваць не давялося: час дзеяння - нашы дні. Паводле сцэнарыя, пагранічнікі прадухіляюць тэракт у Мінску падчас чэмпіянату свету па хакеі.

Наталля Адзінцова, мастак-пастаноўшчык па касцюмах: "Мы кансультуемся, нас вядзе Пагранкамітэт, таму, вядома, патрабаванні, каб мы злучалі рэальнасць у фільме і рэальнасць у жыцці, каб у нас не было ніякіх недакладнасцяў, каб у нас усё было выразна, як у арміі".

Дзякуючы тэлесерыялу "Беларусьфільм" стаў брэндам – быў вядомы на ўвесь саюз. Карціна ахапіла будні пагранічнікаў на розных гістарычных этапах: з 1917 па наш час.

Сёння кінакампанія працягвае пачатыя традыцыі - дванаццаты фільм з цыклу здымае беларуская каманда.

Першая серыя легендарнага тэлесерыяла выйшла на экраны ў 1982 годзе. Тады здымалі на тэрыторыі СССР - ад заходніх граніц да Далёкага Усходу. Дзеянне гэтага фільма адбываецца ў Беларусі. Здымачная група будзе працаваць і ў Мінску і пад Мінскам. Самымі рэалістычнымі стануць здымкі ў Гродзенскім раёне - дзеючую пагранзаставу №1 выкарыстаюць як дэкарацыі.

Спецыяльна для фільма рэжымны аб'ект стане натурнай пляцоўкай. У масавых сцэнах знімуць сапраўдных пагранічнікаў - ад курсантаў да афіцэраў.

Двухсерыйная карціна з рабочай назвай "Ілжывая цэль" выйдзе на экраны да канца 2015 года. Завяршыць жа здымкі плануюць да верасня.