Беларусь завяршае падрыхтоўку да Дня Незалежнасці

27 июня 2016

Беларусь завяршае падрыхтоўку да аднаго з найважнейшых дзяржаўных святаў - Дня Незалежнасці. Сёлета галоўны акцэнт праграмы - культура як падмурак, на якім развіваецца нацыя. Адной з асаблівасцяў свята стане мастацкае ўвасабленне нацыянальных узораў і арнаментаў. Да прыкладу, у Мінску створаць пано з вышыўкай ад кожнага рэгіёна Беларусі. Народныя гулянні расцягнуцца на тры дні. Галоўнай пляцоўкай у сталіцы стане тэрыторыя ля Палаца спорту. А ў Дзень Незалежнасці адбудзецца парад войскаў Мінскага гарнізона.

Мар'яна Нікалаева, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі: "Парад завершыцца не спартыўна-моладзевым шэсцем, а масавым нумарам з удзелам вакальна-харавых, харэаграфічных калектываў з горада Мінска і ўсіх абласцей Рэспублікі Беларусь. Агульная колькасць удзельнікаў складзе больш за 800 чалавек".

Кульмінацыяй Дня Незалежнасці стане акцыя "Праспяем гімн разам". У 22.50 у адзіны хор зліюцца тысячы галасоў. Адразу пасля яе на 10 хвілін неба над Беларуссю асвяціць салют. Толькі ў Мінску яго можна ўбачыць з 6 пунктаў. Затым на плошчы перад абеліскам "Мінск - горад-герой" выступяць эстрадныя выканаўцы і калектывы.