Беларусь з'яўляецца лідарам у трансплантацыі рагавіцы вока

11 февраля 2016

Лазерная карэкцыя зроку, выдаленне катаракты і перасадка рагавіцы. На рахунку афтальмолагаў сталіцы - самыя складаныя аперацыі. Да таго ж Беларусь - адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе дзейнічае закон аб трансплантацыі органаў і тканак. Усе апошнія дасягненні медыкаў у гэтай галіне найперш прымяняюць у Рэспубліканскім цэнтры афтальмалогіі, што працуе на базе 10-й клінічнай бальніцы. Анастасія Багамолава пра тое, як пацыентам вяртаюць зрок.

У Марыі дрэнны зрок са школьных гадоў. Спачатку дапамагалі акуляры, затым на змену ім прыйшлі лінзы. Але і яны не выратаванне для тых, хто хоча без перашкод добра бачыць. Гэта і стала адной з прычын зрабіць лазерную карэкцыю зроку.

Дзмітрый Абельскі, супрацоўнік Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра на базе 10-й клінічнай бальніцы г. Мінска: "Пацыент перад гэтым умяшаннем павінен прайсці вельмі сур'ёзны, глыбокі агляд. Перавага лазернай карэкцыі зроку - поўная аўтаматызацыя аперацыйнага працэсу, г.з. выключаецца фізічнае ўздзеянне механічнымі рэжучымі прыладамі. Калі падагульніць, то гэта бяспека і абсалютна іншыя магчымасці".

Акрамя лазернай карэкцыі зроку, выдалення катаракты і перасадкі рагавіцы, у Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры на базе 10-й клінічнай бальніцы Мінска прымяняюць і іншыя інавацыйныя тэхналогіі.

Вікторыя Красільнікава, прафесар кафедры афтальмалогіі БелМАПА: "У рэспубліцы распрацаваны ўнікальны спосаб ліквідацыі дэфектаў - 3Д-мадэляванне і прататыпаванне. Ён выкарыстоўваецца пры траўмах, парушэннях цэласнасці сценак вачніцы, пры адсутнасці вочнага яблыка".

Раней толькі на аперацыйным стале можна было ацаніць памер дэфекту. Да таго ж выкарыстоўваліся толькі даступныя матэрыялы. Гэта ўжо ў мінулым, сёння кожны імплантат вырабляецца індывідуальна для пацыента.

Таццяна Імшанецкая, загадчыца кафедры афтальмалогіі БелМАПА: "Беларусь з'яўляецца лідарам у трансплантацыі рагавіцы з дапамогай дакладнага лазера. У Расіі, у СНД яны таксама праводзяцца, але не ў такім аб'ёме. І самае галоўнае, у нас яны праводзяцца бясплатна".

У Мінску ажыццяўляецца ўвесь спектр дыягностыкі і лячэння хвароб вачэй. З кожным годам айчынныя афтальмолагі асвойваюць новыя тэхналогіі, якія дазваляюць аўтаматызавана - без механічнага ўмяшання - выратоўваць адзін з самых важных органаў пачуццяў чалавека.

За апошнія 5 гадоў работы афтальмалагічнай службы Беларусі колькасць функцыянальных даследаванняў вырасла ў 3 разы. Мы адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе дзейнічае закон аб трансплантацыі органаў і тканак. Дзякуючы яму колькасць перасадак рагавіцы, напрыклад, павялічылася амаль у 2 з паловай разы.