Беларусь выканала гуманітарную місію ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы

22 ноября 2017

Сёння днём здымачная група Агенцтва тэленавін, якая ўсе гэтыя дні суправаджала гуманітарны груз, вярнулася з гарачага пункта планеты. Па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі тавары першай неабходнасці, прадукты харчавання і вопратка - усяго 25 тон грузу - дастаўленыя ў Латакію, Хомс і Дамаск. Наперадзе - другая частка пастаўкі: 3 грузавікі МАЗ, якія прыбудуць трохі пазней. Нягледзячы на складаную сітуацыю ў Сірыі, сяброўскія адносіны паміж краінамі захоўваюць стабільнасць і дынамічнасць. Наша краіна, выступаючы за мірнае вырашэнне любых канфліктаў, заўсёды адклікаецца на трывожныя паведамленні з пацярпелых рэгіёнаў. Беларусы, на долю якіх выпала нямала выпрабаванняў, ведаюць, чаго варта мірнае неба і моцная рука дапамогі. Гэта трэцяя гуманітарная падтрымка, якую наша краіна аказвае Сірыі. Самалёты Іл-76 ужо двойчы дастаўлялі груз у арабскую рэспубліку. Але ўпершыню груз ішоў наземным і марскім транспартам. І гэта, бадай, самая цяжкая з пункта гледжання лагістыкі аперацыя. Такую далёкую і блізкую нам Сірыю на свае вочы ўбачыў Юрый Шаўчук.

На сірыйскую зямлю прыбыла чарговая гуманітарная дапамога з Беларусі. Гэтага моманту ў Латакіі, куды прыбыў груз, чакалі ўжо некалькі месяцаў. З тых часоў, калі стала вядома, што наша краіна адправіць 3-і гумканвой у Сірыю. Рашэнне аб арганізацыі чарговай народнай дапамогі прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Гэтым разам у Сірыю было дастаўлена амаль 25 тон тавараў першай неабходнасці: вопратка, абутак і прадукты харчавання.

Менавіта таму гэтым разам дыпмісіяй было прынята рашэнне не проста сустрэць груз у порце Латакіі, але і прыняць непасрэдны ўдзел у яго размеркаванні па сірыйскіх правінцыях. Акрамя Латакіі, дзе груз быў перададзены прадстаўнікам мясцовага Дома афіцэраў, дапамогу адправілі яшчэ ў дзве правінцыі: Хомс - адзін з найболей пацярпелых гарадоў - і Дамаск. У Хомсе, або як яго яшчэ тут завуць "сэрца Сірыі", наша дэлегацыя наведала мясцовую хрысціянскую суполку.

Пасля Хомса адпраўляемся ў Дамаск. Дарэчы, некаторыя раёны сталіцы дагэтуль застаюцца пад кантролем баевікоў. З-за гэтага наш шлях нават павялічыўся прыкладна на 20 кіламетраў. Справа ў тым, што гумканвою прыйшлося аб'язджаць акупаваны раён Джобра. З яго баевікі і сёння абстрэльваюць Дамаск.

Але, нягледзячы на небяспеку, дзякуючы прафесійным дзеянням супрацоўнікаў нашага дыппрадстаўніцтва, мы паспяхова дабіраемся і да запланаваных пунктаў у Дамаску. Першы - царква святога Георгія ў хрысціянскім раёне Баптума. Гэта частка горада і сёння абстрэльваецца баевікамі. Другі пункт - прытулак для бежанцаў "Мелодыя жыцця". Тут жывуць больш як 200 дзяцей, якія з-за вайны засталіся без бацькоў.

У чым тут больш за ўсё маюць патрэбу, нашы супрацоўнікі пасольства ведалі яшчэ да таго, як гуманітарная дапамога была адпраўленая. Абутак, вопратка і, вядома ж, дзіцячае харчаванне. Наогул, увесь гуманітарны груз гэтым разам быў сфарміраваны з пажаданнямі сірыйскага боку. Сказаць дзякуй ад усяго сірыйскага народа і ад сябе асабіста ў прытулак "Мелодыя жыцця" прыехала і міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыі.

Не так даўно спадарыня Рыма аль-Кадэры з афіцыйным візітам наведвала Беларусь. Таму міністр добра ведае, што наша краіна заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу сірыйскаму народу. І размова не толькі аб гуманітарнай дапамозе, якую Беларусь ужо тройчы аказала Сірыі.

У 2015 і 2016 гадах былі адпраўленыя два грузавыя самалёты Іл-76 з таварамі першай неабходнасці. Усяго ж - амаль 150 тон гуманітарнай дапамогі. Асобную падзяку міністр выказала за тую ўвагу, якую Беларусь аказвае сірыйскім дзецям.

Рыма аль-Кадэры, міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыі:

"Падтрымка сірыйскім дзецям у Беларусі аказваецца на ўсіх узроўнях, у тым ліку і на ўзроўні Прэзідэнта. Ён усяляк спрыяе гэтаму працэсу. Мы дасягнулі дамоўленасці з беларускім бокам, што візіты сірыйскіх дзяцей працягнуцца ў Беларусь і ў будучыні".

І гэта не проста словы. Чарговая паездка сірыйскіх дзяцей у нашу краіну запланаваная на люты. Плануецца, што зімой Беларусь наведаюць прыкладна 300 дзяцей, яшчэ 200 вясной. Некаторыя з гэтых малых нават не жылі ў мірнай Сірыі, бо вайна тут доўжыцца ўжо больш як 6 гадоў. Таму гэтая шчырая дапамога - самае малое, што наша краіна можа зрабіць для гэтых дзяцей і ўсяго сірыйскага народа.