Беларусь успамінае святую Сафію Слуцкую

3 Красавіка 2016

Слуцк у гэтыя дні стаў цэнтрам духоўных урачыстасцяў. Беларусь успамінае святую Сафію Слуцкую і адзначае 430-годдзе з дня яе нараджэння. Яна пайшла з жыцця ў 26 гадоў, так і не стаўшы маці, але менавіта гэтай святой моляцца тыя, хто жадае здабыць шчасце мацярынства. Яе просяць аб шчаслівым сямейным жыцці. І зараз не толькі ў Беларусі. З гэтага года Сафія Слуцкая праваслаўнай царквой прызнаная як агульнасусветная святая. Алена Борматава - пра апякунку нашай зямлі.

Хрэсны ход ад старажытнай слуцкай царквы да новага манастыра ў гонар святой праведнай Сафіі. Па зямлі, якая калісьці належала ёй – апошняму прадстаўніку роду Алелькавічаў. Малітву разам з вернікамі чытаюць адразу пяць з пятнаццаці беларускіх архірэяў.

У руках вышэйшых духоўных чыноў – праваслаўныя святыні. Да 430-годдзя святой Сафіі у горад прыбылі часціцы мошчаў дзіця Гаўрыла. Яны захоўваліся ў Слуцку на працягу больш чым за 150 гадоў, але ў 90-ых іх перадалі ў Беласток. Зараз часціца мошчаў вярнулася слуцкім вернікам.

На месцы замка, дзе жыла Сафія, сёння Дом культуры. Аднак побач – помнік апякунцы праваслаўя. Малебен ля скульптурнай кампазіцыі сабраў некалькі сотняў паломнікаў.

Сафія Слуцкая – дачка Юрыя Алелькавіча Трэцяга, які на працягу 20 гадоў перапісваў Слуцкае евангелле – адзін з духоўных помнікаў Беларусі. Яно дайшло да нашых дзён.

У 15-гадовым узросце Сафія Алелькавіч бярэ шлюб з князем Радзівілам. Адна з умоў маладой князёўны знакамітаму роду – усе праваслаўныя прыходы Случчыны павінны застацца пры сваёй веры. Радзівілы звяртаюцца з прашэннем да Папы Рымскага і атрымліваюць дазвол. Такім чынам, за Слуцкім княствам юрыдычна было замацавана праваслаўе. А гэта быў час панавання ўніятаў.

Сафія памерла ў 26 гадоў, так і не стаўшы маці. Аднак менавіта ёй моляцца аб шчасці мацярынства. Як да святой да яе сталі звяртацца некалькі стагоддзяў таму, аднак толькі ў 1984-м яе афіцыйна прызналі святой. Гэта быў савецкі час.

Год таму - падчас утварэння Слуцкай епархіі - вернікі атрымалі стапу Сафіі. Яна ў срэбным каўчэгу даступна для пакланення ў манастыры. А сёлета - копію крыжа Еўфрасінні з мошчамі слуцкай святой. Гэты крыж – копія Полацкага. Асвячэнне духоўнай святыні адбылося ў дзень шанавання святой Сафіі Слуцкай.