Беларусь успамінае герояў, якія не вярнуліся з вайны ў Афганістане

15 февраля 2018

Сёння Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Бессмяротную ўстойлівасць і мужнасць ушанавалі паводле традыцыі на Востраве слёз у Мінску.

Аддаць даніну памяці загінуўшым сабраліся сотні чалавек. Сярод іх родныя, блізкія, калегі загінуўшых. Ускласці кветкі прыйшлі і прадстаўнікі дзяржорганаў, сілавых ведамстваў, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы. Зварот Прэзідэнта ветэранам вайны і воінам-інтэрнацыяналістам зачытаў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Максім Рыжанкоў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтая дата навекі журботная, але ў той жа час гераічная і ўрачыстая. На жалобным мітынгу памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання. Вянкі да мемарыяльнага комплексу ўсклалі Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч і Міністр абароны Андрэй Раўкоў.

15 лютага 1989 года апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Вайна доўжылася 9 гадоў і забрала жыцці 15 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў.