Беларусь ізноў стане месцам мірных канікул для 300 дзяцей з Сірыі

4 июня 2018

Першая група школьнікаў з Дамаска, Алепа і Латакіі некалькі дзён таму прыбыла ў "Зубраня". З родных гарадоў у руінах гэтыя дзеці трапілі ў сапраўдную краіну дзяцінства, дзе іх чакае нямала прыемных момантаў. І няхай многае ўжо не выправіць, але вярнуць усмешкі на іх твары і падарыць некалькі бестурботных дзён нам па сілах. Сродкі на адпачынак і аздараўленне выдзяляюцца з рэзервовага фонду Прэзідэнта. Распараджэнне аб прыёме дзяцей з розных гарадоў Сірыі Аляксандр Лукашэнка падпісаў у канцы мая. Адзін дзень з сірыйскімі школьнікамі сёння правяла Надзея Сербіненка.

Першая летняя змена ў лагеры "Зубраня" нездарма называецца "Ад сэрца да сэрца". Зараз тут адпачывае група дзяцей з Сірыі, бацькі якіх загінулі на вайне. Пакуль школьнікі бестурботна бавяць час на беразе Нарачы, на іх радзіме справы таксама наладжваюцца. У Алепа і Дамаск масава вяртаюцца мірныя жыхары.

Пра вайну і асабістыя страты тут, у "Зубраняці", услых не гавораць. Хаця ў кожнага з гэтых дзяцей трагедыя здарылася не проста на радзіме - у сям'і. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўзростам ад 9 да 15 гадоў жывуць і вучацца ў спецыяльнай школе-інтэрнаце ў Алепа. Яна створана для дзяцей, якія страцілі бацькоў на вайне. Чыісьці бацькі былі афіцэрамі і аддалі жыццё за родную краіну. А бацькі некаторых - мірныя жыхары - сталі выпадковымі ахвярамі ваенных дзеянняў. Сваю сілу духу 150 школьнікаў з Сірыі ўсе разам узнімаюць тут, у "Зубраняці", далёка ад ваенных дзеянняў, выстралаў і крыкаў...

Кожны дзень у "Зубраняці" распісаны па хвілінах. І гэта не перабольшанне. Пад’ём, сняданак, таварыскі футбольны матч, заезд на катамаранах, потым вяровачны гарадок і абед. Дарэчы, некаторыя стравы сталі гастранамічным адкрыццём для хлопчыкаў і дзяўчынак. Напрыклад, такую звыклую для беларусаў грэчку сірыйцы пакаштавалі тут упершыню.

Акрамя актыўнасцяў на адкрытым паветры, у возеры, у атрадах дзеці з Сірыі ў "Зубраняці" праходзяць курс аздараўленчых медыцынскіх працэдур. У спісе самых папулярных - наведванне саляной пячоры і кіслародныя кактэйлі. Дарэчы, таксама адкрыццё для школьнікаў з Сірыі.

14-гадовы Алі Махмуд яшчэ ў родным Дамаску пачаў збіраць факты аб Беларусі. Паглядзеў у інтэрнэце, які тут клімат, як называюцца буйныя гарады. На гэтым тыдні яго група якраз едзе з экскурсіяй у Мінск, Мір і Нясвіж.

Упершыню група школьнікаў з Сірыі пабывала ў "Зубраняці" мінулым летам. А для адной з дзяўчынак паездка ў Беларусь у прамым сэнсе стала выратаваннем - нашы ўрачы выдалілі ёй пухліну. Менавіта па ініцыятыве беларускага Прэзідэнта арганізавана праграма аздараўлення і адпачынку сірыйскіх дзяцей на пастаяннай аснове.

Канфлікт у Сірыі - вялікае выпрабаванне для жыхароў краіны: не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Загінулі сотні тысяч чалавек. Дзеці засталіся без бацькоў.

У "Зубраняці" хлопчыкі і дзяўчынкі правядуць 15 дзён, пасля ім на змену прыляціць наступная група з Сірыі, таксама 150 чалавек. І нягледзячы на тое што Мінск і Дамаск падзяляюць больш чым 3 тысячы кіламетраў, рука дапамогі аказваецца побач і своечасова.