Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найвышэйшым узроўнем авіябяспекі

17 июня 2014
Яшчэ адну значную крымінальную справу прыняў да вытворчасці Следчы камітэт. Нагадаем, падчас рэйса Кутаісі - Мінск пілоту перадалі запіску з пагрозай узарваць самалёт. Аднак борт удалося пасадзіць у Мінску, і літаральна адразу злачынец быў затрыманы. Дарэчы, Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найвышэйшым узроўнем авіябяспекі. Такую высокую ацэнку мы атрымалі ад Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Менавіта яна кантралюе якасць авіяцыі ва ўсім свеце.

Наш карэспандэнт Юрый Шаўчук высветліў, ці варта сёння баяцца лятаць. Высокае прызнанне ад Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі Беларусь атрымала 4 гады таму. З таго часу свой курс айчынныя паветраныя перавозкі трымалі толькі на бяспеку і якасць. Вынік праведзенай работы - лідзіруючая пазіцыя нашай краіны ў міжнародным рэйтынгу ICAO, арганізацыі, што курыруе пытанні якасці авіяцыі па ўсім свеце. Падрыхтоўка кадраў, стан бартоў, абслуговы персанал - гэта толькі няпоўны спіс параметраў, у якіх Беларусь перасягнула іншыя 176 краін, што ўваходзяць у ICAO.


Юрый Касцюкевіч, начальнік упраўлення дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы палётаў і авіяцыйнай бяспекі дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Беларусі: Мы не спыняемся на дасягнутым. Зараз мы працуем над стварэннем у Беларусі міжнароднага цэнтра падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне авіяцыйнай бяспекі.


Але канчаткова выключыць магчымасць выкрадання самалёта або спробы захопу авіясудна на 100% немагчыма. Таму супрацоўнікі контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ і групы А гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу. Сваю зладжанасць у працы сілавікі не так даўно прадэманстравалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.


Тады, паводле задумы вучэнняў, экстрэмісты захапілі боінг, на борце якога знаходзіліся 90 пасажыраў. Аднак зладжаная і дакладная работа ўсіх ведамстваў, што ўдзельнічаюць у манеўрах, прынесла станоўчы вынік. Умоўныя тэрарысты былі затрыманыя, а ўсе заложнікі выратаваныя.


Сёння ва ўсім свеце існуюць пэўныя стандарты ў галіне бяспекі палётаў. Нацыянальны авіяперавозчык Белавія строга прытрымліваецца гэтых міжнародных нормаў. Планку вызначае арганізацыя IATA. І вось ужо на працягу трох гадоў беларуская авіякампанія з годнасцю спраўляецца з пастаўленай перад ёй задачай.


Глеб Пархамовіч, першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Белавія: Мы тры разы паспяхова прайшлі гэты аўдыт, увайшлі ў пералік авіякампаній, якія адпавядаюць стандартам бяспекі палётаў. Гэта патрабаванне не толькі міжнародных арганізацый, але мы самі пайшлі на гэты крок свядома, каб выконваць палёты ў еўрапейскую прастору.


Тое, што авіятранспарт самы бяспечны ў свеце - факт ужо даўно даказаны. Кожныя тры секунды ў свеце прызямляецца самалёт, а шанцаў загінуць пад коламі аўтамабіля, стоячы на пешаходным пераходзе ў чаканні зялёнага святла святлафора, у дзясяткі разоў больш, чым у авіякатастрофе.