Беларусь у спісе самых прывабных для турыстаў краін

9 января 2017

Пра гасціннасць нашай краіны гавораць і міжнародныя рэйтынгі. Па выніках года Беларусь у спісе самых прывабных для турыстаў краін. Агенцтва International SOS прызнала нашу краіну адной з самых бяспечных у свеце для падарожжаў. За год паток турыстаў з некаторых рэгіёнаў свету да нас павялічыўся ўдвая. Усяго ж у 2016-м Беларусь наведалі каля 4 мільёнаў іншаземцаў. Спрыяць развіццю ўязнога турызму закліканы і новы ўказ, падпісаны сёння Прэзідэнтам краіны. Дакумент дазваляе бязвізавы ўезд у Беларусь тэрмінам на 5 сутак грамадзянам 80-ці дзяржаў.

Чым частуюць і як прымаюць беларусы, раскажа Надзея Сербіненка. Комплекс у Нясвіжы, замак у Міры, Траецкі касцёл у Гервятах і, вядома, Мінская гарадская ратуша.

Лепшы экскурсавод года Сяргей Бусько кожны дзень знаёміць іншаземцаў з гісторыяй і культурай Беларусі. У Верхнім горадзе - гістарычным цэнтры Мінска - ён ведае, дзе раней знаходзілася вуліца Бернардзінская і якія таемныя хады ёсць пад ратушай. Такія нюансы асабліва цікавыя турыстам з усяго свету.

Прамысловы, настальгічны, аграэка і гастранамічны. Усё гэта - турызм. Беларускі. Многім ён падабаецца. Асабліва слаўгарадскі сыр з кменам, лячэбны мёд ад дрыбінскіх шапавалаў, мармуровая ялавічына з Турава, ёгурт з казінага малака ад фермераў са Скідаля. За год спецыялісты распрацавалі гастранамічны навігатар па Беларусі. На карце 28 нацыянальных страў.

У 2016-м Беларусь наведалі больш як 4 мільёны замежных гасцей. Большасць - з краін-суседак. Так, сярод расіян Мінск увайшоў у дзясятку самых папулярных гарадоў для падарожжаў. У топе таксама Мілан, Барселона, Рым і Парыж.

Па выніках года адразу два аўтарытэтныя міжнародныя агенцтвы ўключылі Беларусь у спіс самых бяспечных для падарожжаў краін. На спецыяльнай карце рызык наша краіна на адным узроўні з Англіяй, Аўстраліяй і Канадай. Самымі бяспечнымі прызнаныя Швецыя, Нарвегія і Фінляндыя.

Яшчэ адзін крок насустрач турыстам з іншых краін - спрашчэнне візавага рэжыму. У 2016-м аблегчылі атрыманне або зусім адмянілі візы для грамадзян Бразіліі, Аргенціны, Кітая, Арабскіх Эміратаў і Катара.

Сёння Беларусь стала яшчэ больш адкрытай для турыстаў з усяго свету. Зараз перасякаць нашу мяжу без візы змогуць грамадзяне 80-ці дзяржаў. Гэта паслужыць новым штуршком для развіцця ўязнога турызму.