Беларусь імкнецца да іміджу "краіны замкаў"

14 апреля 2019

Турыстычная галіна - адзін з ключавых і перспектыўных сектараў эканомікі нашай краіны. Усё больш архітэктурных аб'ектаў уключаюць у праграмы па развіцці як унутранага, так і знешняга турызму. Гэтаму спрыяе выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі, наяўнасць транс'еўрапейскіх магістраляў і развіццё турыстычнай інфраструктуры. І, што галоўнае, рэальныя гістарычныя помнікі. Некаторыя з іх уключаныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Аднаўленне архітэктурных шэдэўраў пацвярджае імідж Беларусі як "краіны замкаў". І, нягледзячы на тое, што дзеянне дзяржпраграмы па адраджэнні падобных аб'ектаў "Замкі Беларусі" завершанае, на знакавых помніках рэстаўрацыйныя працы працягваюцца. Сродкі вылучаюць як з абласнога, так і з рэспубліканскага бюджэту. Акрамя таго, фінансавую падтрымку аказвае спецфонд Прэзідэнта. Напрыклад, сёлета грошы будуць накіраваныя на захаванне Гальшанскага замка. Аб таямніцах і легендах Гальшан  Алена Борматава. 

Гістарычны дэтэктыў па рамане Караткевіча здымалі не ў Беларусі. Натурную пляцоўку для здымак Альшанскага замка знайшлі ва Украіне. Адсутнасць пачатковай літары ў назве крэпасці далёка не аўтарская выдумка. Бо да 19-га стагоддзя Гальшаны былі Альшанамі. І менавіта мясцовая легенда стала асновай кнігі.

Гэта легенда аб чорным манаху і сёння ў топе ў аматараў містыкі. Турысты едуць у Гальшаны ў надзеі ўбачыць на руінах замка выяву манаха. Гавораць, зрэдку, з'яўляецца. Але ніводнага фотасведчання  не існуе. 

Гальшанскі - як ні адзін іншы замак Беларусі, ахінуты таямніцамі і легендамі. Дагэтуль навукоўцам не вядома, як ён выглядаў першапачаткова. Дыскусіі вядуцца і наконт архітэктурнага стылю, у якім ён быў збудаваны. Адна з легенд як раз і звязаная з перыядам яго будаўніцтва - на самога ўладальніка і яго палац быў накладзены праклён. Хутка ў бітве пад Смаленскам Сапега страціў левую руку і адну за адной пахаваў траіх сваіх жонак. Яшчэ пры жыцці магнату далі мянушку Сіняя Барада.

Караткевіч сваім раманам адрадзіў цікавасць да замка ў Гальшанах не толькі ў турыстаў, але і ў навуковай эліты. Пасля публікацыі ў пачатку 80-ых у замку працавала першая археалагічная экспедыцыя. Паралельна з вывучэннем грунту і знойдзеных артэфактаў праводзілася праца па вывучэнні архіўных матэрыялаў. 

Павел Стэфан Сапега - стрыечны брат Льва Сапегі - канцлера Вялікага Княства Літоўскага і аднаго са стваральнікаў Статуту ВКЛ - першай канстытуцыі. Уладальнік Гальшанскага замка таксама займаў зайздроснае становішча ў Вялікім Княстве - ён быў намеснікам канцлера - кіраўніка вялікакняжацкай канцылярыі, захавальніка вялікай дзяржаўнай пячаці. 

Свой маёнтак узводзіў паводле статуту. Але праз стагоддзе, пасля Паўночнай вайны, замак быў моцна пашкоджаны. На карчму разабралі адзін з паверхаў. Затым рэзідэнцыя Сапегі стала шматкватэрным домам. А ў савецкі час чырвоная цэгла пайшла на будаўніцтва калгасных ферм, дома культуры і гаспадарчых пабудоў у мясцовага насельніцтва. 

Канцэпцыя па экспанаванні руін Гальшанскага замка і архітэктурна-будаўнічы праект па яго аднаўленні быў распрацаваны задаўга да пачатку дзеяння дзяржаўных праграм "Замкі" і "Культура Беларусі". І калі пачалося фінансаванне, практычна адразу распачалі працы. 

Адзіная з чатырох, якія захаваліся, Паўночная вежа - ужо практычна адноўленая. Праектам прадугледжаная ўнутранае аздабленне, узнаўленне камінаў і падлогі. Зараз ідзе праца над праектам экспазыцыі. Магчыма, будзе адноўленая і капэла - гэта капліца, убудаваная ў будынак. Паводле легенды, яе Сапега ўзвёў для рэліквіі, падоранай Папам Рымскім. 

Сёння ў замку праводзіцца комплекс аднаўленчых прац. Гаворка ідзе аб кансервацыі руін, іх фрагментарнай рэстаўрацыі, камянеўмацаванні і экспанаванні. Кансервацыя - гэта не разавае мерапрыемства. Камянеўмацаванне з дапамогай розных раствораў дапамагае толькі на некалькі гадоў. Працэдуру трэба паўтараць. На дзесяцігоддзі хапае кансервацыйнага даху і гідраізаляцыі. 

Сто пяцьдзесят адна тысяча рублёў, вылучаная сёлета з рэспубліканскага бюджэту, асвойваецца на мантаж металічнай лесвіцы і рэстаўрацыю сценаў двух карпусоў, якія прымыкаюць да Паўночнай вежы. Таксама на аднаўленне замка будуць накіраваныя і сродкі з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. 

Усе працы плануюць завяршыць да канца года. А ў экспазіцыйны комплекс замак будзе ўключаны цалкам. Апроч адноўленай вежы, прапрацоўваецца маршрут і па рамантычных руінах.