Беларусь стала пляцоўкай для этапаў міжнароднага марафона "Ралі міру"

3 июня 2019

Сярод прыярытэтаў нашай краіны і развіццё электратранспарту. Плюс - у эканоміку і экалогію. Сёння Беларусь увогуле  стала пляцоўкай для этапаў міжнароднага марафона  "Ралі міру". Свае распрацоўкі прапанавалі  і беларусы. Навінкі ацаніў і наш карэспандэнт Сяргей Казловіч. 

На гэтых гонках няма месца рову матораў і слупам дыму. Але  нездарма гавораць:  цішэй едзеш, далей будзеш.  Вось і "Ралі міру" за тыдзень дабралася з Манака да Беларусі. 

Справа ў тым, што ў гэтым ралі для перамогі трэба прыехаць не хутчэй,  а дакладней. Перад стартам на трасу адпраўляецца кантрольная машына, якая, выконваючы ўсе правілы, праязджае маршрут. Калі праехаць хутчэй - атрымаеш штраф. Таму нават такая рарытэтная прыгажуня можа смела канкурыраваць з апошнімі электракарамі.

Хто сказаў, што электрычнага сэрца годная толькі новая машына? Гэтай “бабульцы” ўжо больш за 60  гадоў. Другое жыццё яна набыла ў 2006. Зараз яна праязджае тысячы кіламетраў і не пакідае пасля сябе ні грама выхлапных газаў.

На ўсякі выпадак удзельнікаў суправаджае тэхнічка, якая можа зарадзіць ад прамысловай сеткі. Але праблем з пошукам станцый на шляху марафона не было. Толькі адзін нюанс - на запраўках толькі дзве разеткі. Экіпажам прыходзілася станавіцца ў чаргу. 

Яшчэ раніцай ля будынка штаб-кватэры НАК Беларусі  ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў этапа "Брэст - Мінск". У ім перамог Крысціян Эсно  з Манака.

Бліжэй да абеда на выпрабавальным палігоне Акадэміі навук гасцям паказалі беларускія распрацоўкі. Электробусы, экамабілі і электрабайкі. Наладзілі  і перадпаказ беларускай навінкі - экалагічнага мінівэна. Ён далучыўся да экіпажаў і стаў удзельнікам марафона. Неафіцыйна, пакуль... 

Аляксандр Бялевіч, начальнік навукова-інжынірынгавага цэнтра Аб'яднанага інстытута НАН Беларусі:  "У наступным годзе, я спадзяюся, мы зможам ужо паўнавартасна паўдзельнічаць, таму што ў нас яшчэ ёсць у прынцыпе такі ініцыятыўны праект - гэта гоначны электрамабіль. І на ім мы насамрэч зможам паспаборнічаць і з "Тэслай".

Заўтра ўдзельнікаў марафона чакаюць у Расіі. А фінішуюць экамабілі ў Санкт-Пецярбургу. Пераадолеўшы за гэты час больш за 4 тысячы кіламетраў.