Беларусь сёння развіталася з заслужаным артыстам, дыктарам Ільёй Курганам

23 августа 2019

Ён пайшоў з жыцця ў сераду на 94-ым годзе. Развітанне і паніхіда прайшлі на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра. Праводзіць у апошні шлях легендарны залаты голас Беларускага радыё прыйшлі родныя, паклоннікі, вучні, акцёры, рэжысёры і, вядома, калегі з Белтэлерадыёкампаніі.

Валерый Анісенка, рэжысёр, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі: "Мы прыйшлі ў 61-м годзе мінулага тысячагоддзя студэнтамі, потым раслі: дарослыя, дзеці, унукі, ужо маё пакаленне сыходзіць, ён з намі. Самае дзіўнае, што ён як бы не мяняўся, ён не старэў. Гэта заўсёды вострае адчуванне гумару, гэта Розум, вось, як прыклад, ён ніколі не скардзіўся. Толькі аднойчы выдыхнуў: “Валера, стыдно так долго жить". Я говорю: "Ну-ну"… Але не скардзіўся".

У апошні шлях заслужанага артыста Беларусі Ілью Кургана  праводзілі па тэатральнай традыцыі апладысментамі.