Беларусь адзначае дзень Ваенна-паветраных сіл

16 августа 2015

Гэты від войскаў прайшоў складаны шлях ад поршневай да рэактыўнай авіяцыі. Зараз на ўзбраенні ВПС краіны знаходзяцца самыя сучасныя авіякомплексы, транспартная тэхніка, знішчальнікі і сістэмы СПА. Беларускія лётчыкі выконвалі інтэрнацыянальны абавязак больш чым у дзесяці краінах свету: Карэі і В'етнаме, Егіпце і Сірыі, Емене і Афганістане. А сёння падрыхтоўка беларускіх асаў - адна з лепшых у краінах СНД.

Расказвае Юрый Шаўчук.

Сваё прафесійнае свята ВПС Беларусі па традыцыі адзначаюць у трэцюю нядзелю жніўня. Найноўшы летапіс беларускія лётчыкі пачалі пісаць 23 гады таму. А сам дзень Ваенна-паветраных сіл быў створаны шасцю гадамі пазней указам Кіраўніка дзяржавы.

З тых самых пор сярэдзіна жніўня - гэта чарговы пункт адліку для ўсіх ваенных лётчыкаў Беларусі. Час падводзіць прамежкавыя вынікі і ставіць задачы на будучыню. Камандаванне ВПС не ўтойвае: сёлета зробленая вялізная работа. Праведзены шэраг паспяховых вучэнняў, пілоты павышалі свой узровень майстэрства не толькі ў нас у краіне, але і за яе межамі, і самае галоўнае - авіяпарк 16-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе папоўніўся новымі самалётамі Як-130.

Нягледзячы на тое што Як-130 знаходзіцца ў класе дагукавых самалётаў, пілоты, якія прайшлі навучанне на ім, без праблем змогуць кіраваць і рэактыўнымі знішчальнікамі. Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне і лічбавы экран дазваляюць наладжваць неабходныя характарыстыкі пілатавання.

Беларускія ваенныя лётчыкі пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства: удзельнічаюць у міжнародных манеўрах і спаборніцтвах. Напрыклад, нядаўна нашы пілоты годна прадставілі Беларусь на ваенных гульнях, што праходзілі ў Расіі. У так званым "Авіядартсе" заваёўнікі неба з Беларусі былі годнымі сапернікамі для калег з Казахстана, Кітая і Расіі. Ну а ўжо зусім хутка нашы асы возьмуць удзел у сумесных стратэгічных вучэннях "Шчыт Саюза - 2015" і "Садружнасць-2015".