Беларусь сёння адзначае Дзень навукі

26 января 2020
З прафесійным святам дзеячаў навукі, работнікаў НДІ і ўстаноў вышэйшай адукацыі павіншаваў Прэзідэнт.

"Беларусь заўсёды славілася сваімі навуковымі арганізацыямі і кадрамі з магутным інтэлектуальным патэнцыялам. Нашы даследаванні і распрацоўкі ў самых перадавых і запатрабаваных сферах знаходзяць шырокае практычнае выкарыстанне не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Кожны ваш поспех, бесперапыннае прымнажэнне ведаў, грамадска значныя вынікі новых дасягненняў - гэта нацыянальнае багацце, трыумф усяго беларускага народа. Перакананы, што айчыннай навуцы па сілах вырашыць самыя амбіцыйныя задачы на карысць роднай краіны", - гаворыцца ў віншаванні.

Напярэдадні свята Акадэмія навук і Беларуская гандлёва-прамысловая палата зацвердзілі план сумесных праектаў. А іх задумана нямала. Дарэчы, самыя яркія можна было ўбачыць на вялікай навуковай выставе. Гэта эксперыментальныя мадэлі электратранспарту, новыя матэрыялы для 3D-друку і, вядома ж, інавацыі ад Інстытута фізікі. Шматлікія распрацоўкі - плён сумеснай працы беларускіх і расійскіх навукоўцаў.