Беларусь сёння адзначае Дзень герба і флага

8 мая 2016

Са святам суайчыннікаў павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Паводле традыцыі, галоўныя ўрачыстасці прайшлі ў Мінску. На плошчы Дзяржаўнага флага на акцыю "Ганарымся Радзімай сваёй" сабраліся больш як тысяча чалавек - студэнты, школьнікі і проста актыўная моладзь. Падчас урачыстай цырымоніі юным беларусам уручылі білеты дзвюх самых масавых арганізацый - "Белая Русь" і БРСМ. А акцябраты сталі піянерамі.

Ігар Карпенка, намеснік старшыні Мінгарвыканкама: "Як вы ведаеце, нядаўна на суботніку ў Мінску мы сабралі больш як 20 мільярдаў рублёў. Частку гэтых грошай накіравалі ў Гомель на будаўніцтва медцэнтра, а ў Мінску будзем будаваць аздараўленчыя лагеры, мемарыяльныя комплексы, у тым ліку і Трасцянец. "Белая Русь", піянеры і БРСМ прымалі ў гэтым самы актыўны ўдзел".

Напярэдадні дня Вялікай Перамогі на плошчы Дзяржаўнага флага павіншавалі ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.