Беларусь развітваецца з двума найвялікшымі прадстаўнікамі культуры

28 июня 2016

26 чэрвеня - у адзін дзень - пайшлі з жыцця народныя артысты Расціслаў Янкоўскі і Сяргей Картэс.

Развітанне з кампазітарам пачалося сёння ў 10 раніцы. У рытуальную залу Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра прыйшлі вучні, сябры, калегі Сяргея Картэса. Доўгі час ён узначальваў Вялікі тэатр Беларусі. Менавіта яму ў складаныя 90-ыя ўдалося вярнуць любоў гледачоў да оперы. Картэс змог паказаць наша акадэмічнае мастацтва на сусветных оперных сцэнах. У 90-ыя ўпершыню прайшлі гастролі нашай трупы за мяжой. Кампазітар, які пісаў оперы, балеты, кантаты, ствараў вакальна-сімфанічныя цыклы на вершы беларускіх класікаў - Купалы, Коласа, Караткевіча. Шмат супрацоўнічаў з беларускімі тэатрамі, пісаў музыку для кінафільмаў. Некалькі дзесяцігоддзяў Картэс выкладаў у Беларускай Акадэміі музыкі, якую сам і скончыў.

З майстрам развітваліся ўсе вядомыя людзі мастацтва, палітыкі, грамадскія дзеячы. Вянкі і тысячы кветак ад усіх устаноў культуры і мастацтва. Акцёры Купалаўскага, дзе Сяргей Картэс працаваў шмат гадоў, оперная трупа Вялікага тэатра практычна ў поўным складзе. Гэтымі хвілінамі развітанне з легендай праходзіць на Усходніх могілках Мінска. Пахаваюць кампазітара побач з жонкай.