Беларусь прызнаная краінай з высокім узроўнем чалавечага развіцця

24 октября 2014

Сёння, у Дзень ААН, вядучая міжнародная арганізацыя прэзентавала даклад з вынікамі даследавання гэтага паказчыку па 187-мі краінах свету. Беларусы на 53-м месцы. Наш індэкс вышэйшы за сярэдні з краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. У прыватнасці, Беларусь па гэтым паказчыку лідзіруе сярод краін постсавецкай прасторы. Міжнародныя спецыялісты ўпэўненыя, што ў найбліжэйшыя гады ў нашай краіны ёсць усе шанцы ўвайсці ў спіс дзяржаў з вельмі высокім індэксам чалавечага развіцця.


Расказвае Лізавета Казакова.


З 2005 года беларускія паказчыкі індэксу чалавечага развіцця выраслі амаль на 8,5 працэнта. Галоўнымі ацэначнымі крытэрыямі пры аналізе з'яўляюцца ВУП на душу насельніцтва, чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, чаканая і сярэдняя працягласць навучання. Наш бал - 0,786. Сярэдні ж паказчык - 0,735. Для параўнання: у нашым рэгіёне прыкладна роўныя з Беларуссю па насельніцтве краіны Сербія і Азербайджан у рэйтынгу занялі 78-ю і 76-ю пазіцыі.


Санака Самарасінха, пастаянны каардынатар сістэмы ААН у Беларусі: У рэгіёне толькі Сербія і Азербайджан наблізіліся да Беларусі, калі мы параўноўваем Усходнюю Еўропу і Цэнтральную Азію. Беларусь сёння знаходзіцца на самым верху ў тым, што мы называем катэгорыяй з вышэйшым чалавечым развіццём. Беларусь практычна ў тым пункце, калі яна можа перайсці ва ўзровень вельмі высокага даходу, гэта значыць у самую вышэйшую катэгорыю.


З прыкметных дасягненняў Беларусі адзначаная лідзіруючая пазіцыя ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі па індэксе гендарнай роўнасці. Яна вымяраецца рэпрадуктыўным здароўем, колькасцю месцаў у парламенце, занятых жанчынамі, узроўнем атрымання сярэдняй і вышэйшай адукацыі прадстаўнікамі кожнага полу, удзелам і размеркаваннем роляў на рынку працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Тут у Беларусі 28 пазіцыя сярод 149-ці краін.


Даклад сёлетняга года праз прызму чалавечага развіцця вывучае праблемы ўразлівасці. І не проста разглядае схільнасць людзей да розных рызык, а абмяркоўвае і прапануе спосабы абароны і ўмацавання жыццяўстойлівасці. Гэтым праца ААН заслужыла высокую ацэнку з боку беларускага кіраўніцтва.


Глабальны даклад змяшчае ўсебаковую статыстыку, у тым ліку і трывожную. 2 мільярды 200 мільёнаў людзей планеты жывуць за мяжой беднасці, 80 працэнтаў пажылых людзей у свеце не ахопленыя ні адной з формаў сацыяльнай абароны. Далёка не кожная краіна можа пахваліцца 100-працэнтнай пісьменнасцю і занятасцю насельніцтва.


Словам, тое, што пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу ўзроўню чалавечага развіцця пастаянна растуць і ўмацоўваюцца, заслуга кожнага з нас.