Наконт гэтага прадстаўнікі нашай дэлегацыі дамовіліся ў Штутгарце, дзе напярэдадні завяршылася самая буйная ў Еўропе адукацыйная выстава - Дыдакта-2014. Сваю прадукцыю там прадэманстравалі амаль тысяча вытворцаў з Германіі і краін Еўрасаюза. Восем тэматычных павільёнаў, і ўпершыню ў гісторыі выставы адзін з павільёнаў цалкам аддалі найноўшым тэхналогіям у галіне адукацыі. Кацярына Бірэцкая пра сучасныя тэндэнцыі ў развіцці еўрапейскай школы.
Вучыцца маляваць, а яшчэ чытаць, пісаць і лічыць, гуляючы. Новыя тэхналогіі для самых маленькіх суседнічаюць тут з новымі тэхналогіямі, якім пакорлівыя не толькі ўсе ўзросты, але і любы нават узрыўны характар.
IT-тэхналогіі дэманструюцца на больш чым ста стэндах. І гэта толькі адзін тэматычны павільён. Усяго ж павільёнаў восем - ад дзіцячага садка да вышэйшай школы.
Дыдакта амаль на тыдзень ператварыла найбуйнейшы выставачны павільён Штутгарта ў адзін вялікі горад пад назвай Адукацыя. Каб не заблудзіць у гэтым горадзе, кожнаму наведвальніку пры ўваходзе выдаюць спецыяльную карту. Сваю прадукцыю сёлета ў Штутгарце прэзентавалі амаль тысяча кампаній і карпарацый Еўропы. Наведвальнікаў выставы ў сотні разоў больш. Сярод іх і дэлегацыя з Беларусі. Цэнтр міжнародных сувязяў Міністэрства адукацыі ўжо шмат гадоў арганізуе такія выязныя семінары для прадстаўнікоў самых розных навучальных устаноў нашай краіны.
Галоўная задача не проста ўбачыць апошнія дасягненні ў сферы адукацыі, але і дамовіцца наконт супрацоўніцтва. Як мінімум - з канкрэтнымі вытворцамі, як максімум - з арганізатарамі форуму. І адно, і другое ў выніку ўдалося.
Васіліяс Фтэнакіс, прэзідэнт асацыяцыі WORLDDIDAC: Мы бы вельмі хацелі, і пра гэта гаварылі з вашым намеснікам Міністра адукацыі, каб Беларусь прэзентавала сваю нацыянальную сістэму адукацыі на нашай выставе. Гэта можа быць асобны стэнд. Акрамя таго, мы абмеркавалі магчымасць арганізацыі выставы Дыдакта ў вас у Беларусі з улікам, вядома ж, запатрабаванняў вашай краіны і вашай сістэмы адукацыі.
Што канкрэтна Дыдакта можа прэзентаваць у Беларусі, прафесар Фтэнакіс вырашыў даведацца асабіста: ужо ў маі ён плануе прыляцець у Мінск, сустрэцца з міністрам адукацыі нашай краіны і падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве. Але і гэта, як высветлілася, яшчэ не ўсё.
Па маштабе форум у Базелі не саступае штутгарцкай Дыдакте. А гэта значыць, што ў Беларусі з'явіўся рэальны шанц не проста прэзентаваць сваю сістэму адукацыі ў Еўропе, але і прымусіць гаварыць пра нашу нацыянальную школу практычна на ўсіх мовах кантынента.














